Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад заказьніка «Лебядзіны» зноў адразаюць зямлю пад будаўніцтва


Ілюстрацыйнае фота. Лебядзіны стаў, на беразе якога ў 2018 годзе пачалася будоўля (на фота). Цяпер там пабудавалі рэстарацыю і альтанку
Ілюстрацыйнае фота. Лебядзіны стаў, на беразе якога ў 2018 годзе пачалася будоўля (на фота). Цяпер там пабудавалі рэстарацыю і альтанку

У тэлеграм-канале #МотолькоПомоги апублікаваны праект указу прэзыдэнта, які выключае 25,5 га зямлі зь ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны прыродных (леса- і лугапаркавых) тэрыторый паміж МКАД і заказьнікам «Лебядзіны» і ўключае гэты ўчастак у зону жылой зьмешанай забудовы.

Участак аддаецца пад будаўніцтва жыльля, культурна-забаўляльнага комплексу і прагулачнага парку.

Праект указу падрыхтаваны Менгарвыканкамам на даручэньне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: сфармаваць участак (альбо некалькі) у межах Ціміразева — МКАД — праспэкт Пераможцаў — «Лебядзіны» для наступнага продажу права яго праектаваньня і забудовы на аўкцыёне.

У ім гаворыцца, што цяпер вядзецца «інтэнсіўнае засваеньне» тэрыторыі ў межах вуліц Ціміразева — МКАД — праспэкта Пераможцаў — вуліцы Ратамскай. Тэрыторыя, якая застаецца незабудаванай і прымыкае да транспартнай разьвязкі скрыжаваньня вуліцы Ціміразева з МКАД і далей паміж МКАД і тэрыторыяй рэспубліканскага заказьніка «Лебядзіны» рэглямэнтамі генпляну Менску залічана да ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і да ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны прыродных (леса- і лугапаркавых) тэрыторый.

Папярэднія прапрацоўкі ў асваеньні ўчастка на скрыжаваньні Ціміразева — МКАД плошчай 25,5 га (частка зоны прыродных леса- і лугапаркавых тэрыторый) паказваюць «на прынцыповую магчымасьць яго больш эфэктыўнага выкарыстаньня».

На новым участку, адрэзаным ад заказьніка, плянуецца пабудаваць:

  1. жылы комплекс зьмяшанай павярховасьці (да 9 паверхаў) павышанай камфортнасьці агульнай плошчай жылога фонду звыш 40 тысяч квадратных мэтраў, уключна зь дзіцячым садком;
  2. шматфункцыянальны сямейны культурна-забаўляльны комплекс «Дзіцячы сьвет», які ўключае ўсесэзонны крыты тэматычны парк атракцыёнаў і забаваў рэспубліканскага ўзроўню плошчай каля 15 тысяч квадратных мэтраў, гатэль, пункты харчаваньня і гандлю для дзяцей і падлеткаў, цэнтар экалягічнай адукацыі;
  3. тэматычны парк экалягічнай накіраванасьці з выхадам па экасьцежках у заказьнік «Лебядзіны»;
  4. прагулачны парк зь фізкультурна-аздараўленчымі і дзіцячымі пляцоўкамі.

Ля «Лебядзінага» ўжо будуе «Тапас»

Адразаць зямлю ад «Лебядзінага» пачалі яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету Міністраў ягоную тэрыторыю зьменшылі на 8 гектараў.

У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў генплян Менску. Ад ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай.

Частку гэтых зямель перадалі кампаніі «Тапас», якая, згодна з указам 2014 году, будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў, вуліц Браслаўскай і Ціміразева).

Уладальнік кампаніі «Тапас» — форвард хакейнай каманды прэзыдэнта Павал Белы. Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, далі яму і розныя льготы.

Адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску ў лістападзе 2018 году выявіла, што «Тапас» выконваў будаўніча-мантажныя работы «без дазвольнай і праектнай дакумэнтацыі». За гэта суд аштрафаваў забудоўніка.

Высьветлілася, што «Тапас» будуе «шматфункцыянальны комплекс» на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказьніку.

Аднак указам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторый пад асаблівай аховай. Указам Лукашэнка дадаткова зьменшыў межы «Лебядзінага».

Пасьля гэтага Менгарвыканкам 26 ліпеня 2019 году зацьвердзіў праект дэталёвага плянаваньня на гэтую тэрыторыю з улікам разьмяшчэньня аб’екта кампаніі «Тапас».

Там узводзіцца аднапавярховы рэстаран на 100 месцаў, набярэжная, а таксама пляцоўка з альтанкай для назіраньня за птушкамі. Агульная плошча — 4,12 га. Пры гэтым зямельны ўчастак пад будаўніцтва рэстарана зацьвердзілі толькі ў красавіку 2019 году. Грамадзкія слуханьні правялі, калі рэстарацыя была фактычна пабудаваная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG