Пракуратура Менску ня ўбачыла падстаў для прыняцьця мер пракурорскага рэагаваньня адносна незаконнага будаўніцтва кампаніяй «Тапас» каля заказьніка «Лебядзіны».
Пра гэта гаворыцца ў адказе з гарадзкой пракуратуры, які атрымаў дырэктар грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі.
Паводле пракуратуры, «Тапас» «дапусьціў факты самавольнага будаўніцтва» аб’екта грамадзкага харчаваньня з добраўпарадкаваньнем прылеглай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкту Пераможцаў і Ратамскай вуліцы.
Адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску ў лістападзе 2018 году выявіла, што «Тапас» выконваў будаўніча-мантажныя работы «без дазвольнай і праектнай дакумэнтацыі». За гэта суд аштрафаваў забудоўшчыка.
Аднак указам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторый пад асаблівай аховай.
Пасьля гэтага Менгарвыканкам 26 ліпеня 2019 году зацьвердзіў праект дэталёвага плянаваньня на гэтую тэрыторыю з улікам разьмяшчэньня аб’екта кампаніі «Тапас». Станоўчае заключэньне на яго таксама выдала «Галоўдзяржбудэкспэртыза».
Паводле гарадзкой пракуратуры, цяпер адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску падрыхтавала матэрыялы пра аб’ект, каб прыняць рашэньне «па самавольным будаўніцтве».
Менгарвыканкам павінен вырашыць, зносіць самавольную пабудову ці прыняць яе ў эксплюатацыю.
У адказе з пракуратуры гаворыцца, што Менгарвыканкам такога рашэньня яшчэ не прыняў.
«Усе, што незаконна пабудавана на тэрыторыі заказьніка, павінна быць зьнесена»
Аляксандар Вінчэўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што для заказьніка аптымальны варыянт з гэтых трох — знос незаконных пабудоваў.
«Усе, што незаконна пабудавана на тэрыторыі заказьніка, павінна быць зьнесена. Гэта вырашае Менгарвыканкам. Але сытуацыя цяпер заблытаная. Юрысты спрачаюцца, ці павінна быць такое рашэньне судовым, ці Менгарвыканкам сам можа яго прыняць.
Таксама не зразумела, гаворка ідзе пра рэстарацыю ці пра пляцоўку для назіраньня за птушкамі, сытуацыя заблытана ўказамі прэзыдэнта. Выглядае, што ён там перавысіў свае паўнамоцтвы, бо будаўніцтва ж тычыцца заказьніка і дазваляць павінен Савет Міністраў. То бок усё няпроста з боку нашага заканадаўства. Не зразумела таксама, чаму дагэтуль Менгарвыканкам не легалізуе гэтую будоўлю», — кажа Аляксандар Вінчэўскі.
Паводле Вінчэўскага, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» цяпер кансультуецца зь юрыстамі, каб вызначыць свае далейшыя дзеяньні ў абароне заказьніка «Лебядзіны».
«Альбо ў суд падаваць, альбо зьвяртацца ў Менгарвыканкам, бо, як бачна з адказу, пракуратура нічога ня хоча рабіць», — сказаў Аляксандар Вінчэўскі.
У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму сытуацыю Свабодзе не пракамэнтавалі.
Гісторыя будоўлі
За апошнія пяць гадоў плошчу заказьніка «Лебядзіны» зьменшылі больш як на 10 га. Год таму кампанія «Тапас», уладальнік якой — форвард хакейнай каманды прэзыдэнта Павал Белы, пачала будоўлю паміж жылым комплексам «Алімпік Парк» і заказьнікам «Лебядзіны». Там узводзіцца аднапавярховы рэстаран на 100 месцаў, набярэжная, а таксама пляцоўка з альтанкай назіраць за птушкамі. Агульная плошча — 4,12 га. Пры гэтым зямельны ўчастак пад будаўніцтва рэстарана зацьвердзілі толькі ў красавіку 2019 году.
Справаздача аб ацэнцы ўзьдзеяньня аб’екта на навакольнае асяродзьдзе была зацьверджана ў жніўні гэтага году, а грамадзкія абмеркаваньні пачаліся амаль праз год пасьля пачатку будаўніцтва.
11 верасьня адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску правяла грамадзкі сход для абмеркаваньня справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе аб’екта грамадзкага харчаваньня з добраўпарадкаваньнем прылеглай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкта Пераможцаў і Ратамскай вуліцы.
Удзельнікі сходу былі незадаволеныя тым, што грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе адбываецца, калі будоўля амаль скончаная.
«Замест прыняцьця захадаў рэагаваньня адміністрацыя Цэнтральнага раёну прызначае грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе, хоць падобная працэдура проста не прадугледжаная, — гаворыцца ў заяве „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — Мы лічым, што падобныя дзеяньні зьяўляюцца лабіяваньнем камэрцыйных інтарэсаў ТАА „Тапас“ і павінны быць дэталёва разгледжаныя камісіяй процідзеяньня карупцыі Менгарвыканкаму».