Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балівія: сфальсыфікаваў выбары — пайшоў у адстаўку


Пратэсты ў Балівіі, якія прывялі да адстаўкі Эва Маралеса
Пратэсты ў Балівіі, якія прывялі да адстаўкі Эва Маралеса

Калі вы падумалі, што размова пра Беларусь, то не. У выніку пратэстаў абвясьціў пра сваю адстаўку прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес. Маніфэстанты заяўлялі, што апошнія прэзыдэнцкія выбары ў краіне былі сфальсыфікаваныя.

Праз пэўны час пасьля пачатку пратэстаў Маралес выказаў гатовасьць правесьці паўторныя выбары. Але гэткая згода ўжо азначала псыхалягічную паразу, за якой не прымусіла сябе чакаць і поўная палітычная параза.

Выглядае, што ключавым момантам стала пазыцыя арміі. Заява Маралеса аб сыходзе зьявілася неўзабаве пасьля таго, як гэтага запатрабаваў кіраўнік узброеных сілаў краіны.

Падзеі ў Балівіі ўяўляюць сабой рэзкі кантраст з хадой палітычнага крызісу ў іншай лацінаамэрыканскай краіне — Вэнэсуэле.

Там лідэр апазыцыі, старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо, абвясьціў сябе прэзыдэнтам, таксама абвінаваціўшы прэзыдэнта Нікаласа Мадура ў фальсыфікацыі выбараў.

Аднак крызіс у Вэнэсуэле цягнецца ўжо шмат месяцаў: нягледзячы на абсалютна жахлівую эканамічную сытуацыю, армія ды іншыя сілавыя структуры захоўваюць вернасьць Мадура, а адна вуліца, нават пры міжнароднай падтрымцы, ня ў стане перамагчы.

Маралеса нельга назваць дыктатарам кшталту Кастра, якім ён захапляўся. Апазыцыя абвінавачвала яго ў карупцыі і маніпуляваньні выбарчымі працэдурамі, але ня ў масавых парушэньнях правоў чалавека.

На выбарах 20 красавіка сёлета ён афіцыйна атрымаў 46% галасоў, ягоны апанэнт — 36%.

Маралес быў палітыкам левых поглядаў, палітычным партнэрам Уладзіміра Пуціна. ЗША крытыкавалі Маралеса за недастатковую барацьбу з наркотыкамі, ён сам публічна ўжываў лісьце кокі.

Пратэсты пачаліся адразу пасьля сёлетніх выбараў, праз тры тыдні рэжым Маралеса абрынуўся.

Прыкладна гэтак жа хутка абрынулася ў 2011 годзе ўлада аўтарытарных уладаў Тунісу і Эгіпту Бэн Алі і Мубарака.

Аднак там, асабліва ў Эгіпце, сутыкненьні суправаджаліся праліцьцём крыві. У Балівіі супрацьстаяньне было напружаным, але без крыві.

Маралес аказаўся дастаткова аўтарытарным, каб фальсыфікаваць выбары, але недастаткова, каб забясьпечыць вернасьць сілавікоў.

Досьвед Вэнэсуэлы паказвае, што палітычнае пакараньне за фальсыфікацыі выбараў не зьяўляецца непазьбежным, але часам, як паказвае прыклад Балівіі, яно ўсё ж настае, і вельмі хутка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG