Цягам трох дзён — ад 22 да 24 лістапада — у Вільні пройдуць жалобныя імпрэзы з нагоды перапахаваньня ўдзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–64 гадоў. Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю зь месца падзей. А пакуль мы пацікавіліся, як рыхтуюцца да гэтай падзеі ў Беларусі.
Візавы ажыятаж
На апошнім паседжаньні Дзяржаўнай камісіі ў справе перапахаваньня пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса паўстала пытаньне візавай падтрымкі для беларусаў, якія не хацелі б прапусьціць гістарычную падзею. Тады віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс адназначна заявіў, што беларусы вартыя такога падарунка.
Неўзабаве МЗС Літвы паведаміў, што да 5 лістапада ўсе ахвотныя беларусы змогуць падацца на індывідуальную візу ў электронным выглядзе ў кансуляты Літвы ў Беларусі.
Аднак пры канцы мінулага тыдня амбасада Літвы заўчасна спыніла рэгістрацыю. Рашэньне зьвязалі з надзвычай высокай актыўнасьцю беларусаў — аформлена ўжо больш за 1000 візаў, і колькасьць ахвотных не зьніжалася. 4 лістапада на сайце літоўскай амбасады вісела абвестка аб прыпыненьні рэгістрацыі.
Сярод тэхнічных прычынаў літоўскі бок называе тое, што старыя могілкі Росы, дзе маюць перапахаваць паўстанцаў, не прыстасаваныя да збору такой вялізнай грамады.
Як трапіць у Вільню 22 лістапада
Паколькі жалобныя імпрэзы пачынаюцца досыць рана, паўстае пытаньне — як на іх пасьпець. Найзручней выправіцца цягніком. Гэта амаль удвая даражэй, чым аўтобусам, але прынамсі прадказальна з гледзішча графіку.
На пасажырскі цягнік Менск — Вільня адпраўленьнем 22 лістапада ў 7.35 яшчэ ёсьць 20 квіткоў коштам 42 рублі. Прыбыцьцё а 9-й раніцы, што дазваляе трапіць на ўсе асноўныя цырымоніі. Напярэдадні, 21 лістапада, цягнікі практычна не запоўненыя: больш за 200 вольных месцаў раніцай і паўтары сотні ўвечары.
Ехаць аўтобусам і маршруткамі таньней, і квіткоў на гэтыя даты колькі заўгодна. Але такі выбар нясе з сабой істотную рызыку захраснуць на памежным пераходзе і спазьніцца. Нават паводле графіку аўтобус едзе амаль удвая даўжэй за цягнік.
Варыянт з самалётам 22 лістапада адпадае — рэйс вечаровы. Ёсьць 21-га — за 50 эўра ў адзін бок, вылет зь Менску ў 8.20.
Альтэрнатыўны маршрут
З ініцыятывы грамадзкіх актывістаў арганізуюцца адмысловыя аўтобусныя туры. Цэны вагаюцца ў залежнасьці ад працягласьці вандроўкі:
- 20 эўра + 30 рублёў з экскурсійным суправаджэньнем на дзень,
- 40 эўра + 30 рублёў з экскурсіяй і начлегам у гостэле,
- 60 эўра + 30 рублёў з праграмай і двума начлегамі.
Праграму можна паглядзець тут.
Каб пасьпець да пачатку перапахаваньня, арганізатары раяць закладаць на дарогу, з улікам чэргаў на мяжы, 8–9 гадзін. Выглядае, ня меней спатрэбіцца часу і на тое, каб даехаць уласным аўтамабілем. Пераход «Каменны Лог» выглядае лягістычна апраўданым, хоць у дадзеным выпадку лепш не рызыкаваць і скіравацца, напрыклад, у бок Беняконяў — паўсотні кілямэтраў лішніх, але з большай верагоднасьцю не спазьніцца.
А жытло?
Гатэлевы рэсурс Booking.com выдае немалы пералік гостэлаў і апартамэнтаў у Вільні з роскідам коштаў ад 29 да 70 даляраў за ноч на двух чалавек. У некаторых вольных нумароў з 22 на 23 лістапада ўжо няма, але ў бальшыні яшчэ ёсьць на выбар. Зоркавыя гатэлі вышэйшай цэнавай катэгорыі прапануюць ноч ад 50 даляраў у эквіваленце без абмежаваньняў.
Што ў праграме
Беларускі грамадзкі камітэт ушанаваньня памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў, які ў адсутнасьць афіцыйнага зацікаўленьня кантактуе ад імя Беларусі зь Дзяржаўнай камісіяй у справе перапахаваньня, абнародаваў сцэнар жалобных імпрэзаў у Вільні на 22–24 лістапада.
Ці будзе хто прысутнічаць на цырымоніі ад імя вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, дагэтуль невядома. Паводле літоўскага боку, усе запрашэньні засталіся без адказу. Свабодзе таксама не ўдалося пакуль атрымаць адказу ад Міністэрства замежных спраў Беларусі.
22 лістапада, пятніца (асноўны дзень)
8:30–8:40. Труны з паўстанцамі ўрачыста перанясуць з двара Палаца ўладароў ВКЛ у Катэдральны касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава.
9:00–11:30. Разьвітаньне грамадзкасьці з паўстанцамі ў Катэдральным касьцёле Вільні, уваход вольны.
12:00. Пачатак жалобнай імшы ў Катэдральным касьцёле (уваход абмежаваны, але на Катэдральнай плошчы будуць вялікія экраны). Плянуецца выступ прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды.
13:20. Пачатак разьвітальнай працэсіі ад сабору да могілак Росы. Парэшткі лідэраў паўстаньня Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага павязуць на ляфэце, астатніх — на катафалках.
14:00. Цырымонія пахаваньня парэшткаў паўстанцаў у калюмбарыі капліцы на могілках Росы. Плянуецца выступ прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы.
20:00. Канцэрт гурту «Dzieciuki» з Горадні («Legendos Klubas». Kalvarijų g. 85). Уваход — 5 эўра.
23 лістапада, субота
11:00. Грэка-каталіцкае набажэнства за спачын паўстанцаў 1863–1864 гадоў у Базыльянскіх мурах (Сьвята-Траецкая грэка-каталіцкая царква, Aušros Vartų g. 7B).
13:00. Сустрэча грамадзкасьці з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі.
16:00. «Містэрыя»: гісторыка-тэатральна-паэтычны Рэквіем, прысьвечаны паўстаньню 1863–1864 гадоў.
18:00. «Паўстанцкі ланцуг». Жалобнае грамадзкае шэсьце са зьнічамі ад Вострай Брамы да могілак Росы.
24 лістапада, нядзеля
12:00. Беларускае рымска-каталіцкае набажэнства за спачын паўстанцаў у касьцёле Сьвятога Барталямэя на Зарэччы (Užupio g., 17).
14:00–16:00. Пасьля набажэнства бясплатныя пазнавальныя вандроўкі па беларускіх мясьцінах Вільні. Сустрэча каля касьцёла Сьвятога Барталямэя.
Збор сродкаў
Беларускі грамадзкі камітэт ушанаваньня памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў зьвярнуўся да грамадзкасьці, як у Беларусі, так і па-за межамі краіны, з просьбай падтрымаць збор сродкаў для арганізацыі і правядзеньня жалобных імпрэзаў 22–24 лістапада.
Трэба сабраць грошы на арэнду памяшканьняў і апаратуры, на атрыбутыку для шэсьцяў і ўрачыстасьцяў (сьцягі і дрэўкі, кветкі, стужкі, зьнічы і лямпады).
Таксама прадугледжаныя арганізацыйна-лягістычныя выдаткі і сродкі на інфармаваньне. Агулам спадзяюцца сабраць блізу 3000 эўра. Грошы можна пералічыць на PayPal са свайго ўласнага акаўнта ў гэтай сыстэме альбо банкаўскай карткай па спасылцы.
Пры гэтым грамадзкія актывісты ў Беларусі заклікаюць тых, хто выпраўляецца ў Вільню, везьці з сабой усе сьцягі, партрэты паўстанцаў ды іншую атрыбутыку.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА