Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае месца, дзе пахаваюць Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў. Фота


Віленскія могілкі Росы
Віленскія могілкі Росы

На віленскіх могілках Росы ідзе рамонт. Робяць новыя дарожкі, водаадводы, мяняюць некаторыя гранітныя пліты. 22 лістапада Кастуся Каліноўскага і парэшткі іншых паўстанцаў перанясуць на гэтыя могілкі, дзе ўрачыста пахаваюць.

Падрабязна цырымонію пахаваньня літоўскі ўрад будзе абмяркоўваць 8 кастрычніка. Але ўжо цяпер на могілках ідзе рамонт капліцы, рабочыя засыпаюць новыя дарожкі, робяць новыя водаадводы, мяняюць некаторыя гранітныя пліты.

Як расказалі Свабодзе рабочыя, якія працуюць на добраўпарадкаваньні могілак, палову работ яны ўжо выканалі, працуюць тут ужо зь месяц.

Дакладнае месца пахаваньня парэшткаў паўстанцаў яны ня ведаюць, але кажуць, што гэта адбудзецца ў цэнтральнай частцы могілак.

Раней паведамлялася, што Каліноўскага пахаваюць у капліцы, якая цяпер на рэстаўрацыі. Рамонт на могілках Росы пачаўся чшэ ў 2018 годзе, яго плянуецца завяршыць цалкам у 2020 годзе.

Пакуль гутарым з рабочымі, экскаватар засыпае новыя пяшчаныя дарожкі. Відаць, што на могілках часткова памянялі галоўную агароджу, у некаторых месцах паклалі новыя дарожкі з пліткі.

На цырымонію пахаваньня запрасілі дэлегацыі зь Беларусі, Польшчы, Латвіі і Ўкраіны.

У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні выявілі парэшткі 17 паўстанцаў. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму дасьледнікі доўгі час не маглі вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу.

Парэшткі Каліноўскага ідэнтыфікавалі літоўскія дасьледнікі ў сакавіку 2019 году мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, спосабу сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапа з прыжыцьцёвымі фатаздымкамі.

У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара. Вынікаў дасьледаваньня пакуль не агучвалі, але некаторыя дасьледчыкі сумняваюцца, што помнік Віктару Каліноўскаму стаіць на тым месцы, дзе ён быў пахаваны.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG