Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навабуды не вышэй за 15 мэтраў. Як паўплывае на Dana Holdings праект зон аховы парку Чалюскінцаў?


Зацьверджаная міністэрствам зона аховы парку Чалюскінцаў цяпер занятая амаль дабудаваным шчыльным кварталам шматпавярховікаў
Зацьверджаная міністэрствам зона аховы парку Чалюскінцаў цяпер занятая амаль дабудаваным шчыльным кварталам шматпавярховікаў

Міністэрства культуры зацьвердзіла праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Парк імя Чалюскінцаў» у Менску.

Якраз каля парку актыўна вядзе будоўлю сэрбская кампанія Dana Holdings. Як новы дакумэнт паўплывае на яе дзейнасьць?

Парк імя Чалюскінцаў — нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасьць катэгорыі «3», уключаная ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей Рэспублікі Беларусь. Яго плошча — 59,1 га.

Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных дасьледаваньняў, аналізу горадабудаўнічай сытуацыі і ляндшафту, гаворыцца ў дакумэнце. Ён павінен забясьпечыць захаваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцей і асяродзьдзя вакол іх. Ён вызначае ахоўную зону і зону рэгуляваньня забудовы.

У дакумэнце гаворыцца, што ахоўная зона «вызначаная зыходзячы з умоў найлепшай бачнасьці парку імя Чалюскінцаў і яго захаваньня з улікам горадабудаўнічай сытуацыі».

Яна складаецца з двух участкаў агульнай плошчай 4,76 га. На яе тэрыторыі забараняецца ўзьвядзеньне будынкаў і збудаваньняў, а таксама ўсталяваньне буйнапамерных (больш за 2,0 × 2,0 × 2,5 м) рэклямных канструкцый.

У заштрыхаванай зоне аховы на Захадзе ўжо месьціцца новы высотны мікрараён
У заштрыхаванай зоне аховы на Захадзе ўжо месьціцца новы высотны мікрараён

Зона рэгуляваньня забудовы павінна рэглямэнтаваць маштаб новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, прылеглых да гісторыка-культурных каштоўнасьцей.

Яна складаецца з участкаў двух рэжымаў утрыманьня. На першым, плошчай 2,43 га, забараняецца, сярод іншага, надбудоўваць існуючыя будынкі, узводзіць будынкі і збудаваньні, вышэйшыя за 15 мэтраў (ад зямлі да вільчака даху).

На ўчастку другога рэжыму ўтрыманьня, плошчай 1,93 га, забараняецца ўзводзіць будынкі, вышэйшыя за 11 мэтраў.

«Новы праект аховы часткова закрывае зоны старога праекту»

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

Кіраўнік таварыства «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што ў 2012 годзе быў прыняты праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці будынка вакзалу дзіцячай чыгункі (праспэкт Незалежнасьці, 86).

Якраз гэты дакумэнт у зоне рэгуляваньня забудовы дазваляў узьвядзеньне новых будынкаў вышынёй 9–19 паверхаў і кропкавае будаўніцтва да 25 паверхаў. Чым і скарысталася Dana Holdings.

«Практычна новы праект аховы часткова закрывае зоны старога праекту аховы. Ён, безумоўна, ужо ўводзіць нейкія абмежаваньні, і яны, хутчэй, будуць тычыцца толькі новых будынкаў. То бок усё тое, што дагэтуль Dana Holdings плянавала, яна дабудуе. А вось магчымасьці будаўніцтва новага жытла, ушчыльненьня гэтай забудовы будуць ужо абмежаваныя, — кажа Дзяніс Кобрусеў. — Я думаю, што лёгіка новага дакумэнту якраз палягае ў тым, каб ня даць Dana Holdings, якая вельмі любіць часта зьмяняць праекты, ушчыльняць сваю забудову, будаваць новае, — каб ня даць ёй такой магчымасьці».

«Яны кіраваліся думкай, каб не зрабіць сытуацыю яшчэ горшай»

Dana Holdings будуе свае гмахі ў межах дзіцячай чыгункі і ўздоўж вуліцы Макаёнка.

На месцы катлавану ў кальцы дзіцячай чыгункі ўжо вырас шматпавярховы дом
На месцы катлавану ў кальцы дзіцячай чыгункі ўжо вырас шматпавярховы дом

«Распрацоўшчыкі схемы ў 2019 годзе разумелі, што будоўля Dana Holdings уваходзіць у дысананс з правіламі аховы ляндшафту, аказвае ўзьдзеяньне і на сам помнік, і на парк Чалюскінцаў, і на праспэкт. Гэта ўжо рэальны факт, які існаваў. Паколькі там тэрыторыя вялікая, можна будаваць і будаваць, яны больш кіраваліся думкай, каб не зрабіць сытуацыю яшчэ горшай. І ўвялі вось такія абмежаваньні, што новыя будынкі можна будаваць не вышэй за 11 ці 15 мэтраў», — сказаў Дзяніс Кобрусеў.

Новая нерэгуляваная забудова можа пагоршыць сытуацыю ў гэтым кавалку Менску. Ёсьць і пагроза ўспрыманьню помніка.

«Віна Міністэрства культуры палягае ў тым, як гэта было і з заказьнікам „Лебядзіны“, што яно выдае розныя праекты аховы са спазьненьнем. Бо калі б гэты дакумэнт зьявіўся да таго альбо разам з тым, як распрацоўваўся праект дэталёвага плянаваньня, паводле якога Dana Holdings будуе, то мы маглі б пазьбягаць такіх рэзанансных канфліктаў і сытуацый, калі забудоўнікі і іх будоўлі псуюць выгляд гораду альбо нешта парушаюць», — сказаў Дзяніс Кобрусеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG