Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане спрабуюць выявіць геяў і лесьбіянак сярод мэдыкаў


Касымберды Гараеў
Касымберды Гараеў

Пасьля гісторыі туркмэнскага лекара-кардыёляга, які расказаў пра сваю гомасэксуальнасьць і пасьля гэтага прапаў (магчыма, арыштаваны), Міністэрства аховы здароўя Туркмэністану спрабуе выявіць людзей гомасэксуальнай арыентацыі сярод мэдыцынскіх работнікаў, паведамляе «Хроніка Туркмэністану».

Паводле выданьня, ва ўсіх раённых упраўленьнях аховы здароўя прайшлі сходы, парадкам дня якіх стаў «лекар, які зьняславіў нашу прафэсію сваімі амаральнымі паводзінамі».

З Ашхабаду паступіў загад выявіць сярод лекараў геяў і лесьбіянак. Было вырашана, што на працягу двух тыдняў усе мэдработнікі — ад санітарак і да галоўных урачоў — павінны прайсьці абсьледаваньне ў гарадзкой санэпідэмстанцыі на выяўленьне захворваньняў, якія перадаюцца полавым шляхам. Абсьледаваньне мэдыкі павінны аплаціць са сваёй кішэні.

Праваахоўныя органы заклікаюць пісаць заявы, калі камусьці вядомыя асобы гомасэксуальнай арыентацыі, і папярэджваюць пра крымінальную адказнасьць за неданясеньне.

Гей з Туркмэністану, чыю гісторыю расказала туркмэнская служба Радыё Свабода ў кастрычніку 2019 году, зьнік — магчыма, арыштаваны. Ён не выходзіў на сувязь з журналістамі з 24 кастрычніка і з таго ж часу не прыходзіў на працу, а ягоная сям’я зьмяніла месца жыхарства і пакінула Ашхабад.

Мужчына стаў першым прадстаўніком ЛГБТ з Туркмэністану, які асабіста зьвярнуўся ў СМІ і адважыўся расказаць сваю гісторыю. Журналісты першапачаткова не называлі ягонага сапраўднага імя, але гэта, не перашкодзіла сілавікам даведацца, пра каго напісаны матэрыял. Пазьней Касымберды Гараеў сам дазволіў раскрыць сваё імя, запісаўшы відэазварот да блізкіх на выпадак, калі зь ім нешта здарыцца. Празь 10 дзён ён прапаў.

1 лістапада міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала заяву з патрабаваньнем да ўраду Туркмэністану тэрмінова адказаць, ці знаходзіцца Касымберды Гараеў у зьняволеньні, і, калі гэта так, неадкладна вызваліць яго і растлумачыць яго затрыманьне.

Туркмэністан застаецца ў ліку краін, дзе мужчынскі гомасэксуалізм перасьледуецца крымінальна — за гэта пагражае да 2 гадоў турмы. Такіх краін у сьвеце налічваецца каля 60, і іх становіцца ўсё менш. З краін былога Савецкага Сюзу акрамя Туркмэністана, геяў крымінальна перасьледуюць толькі ў суседнім Узбэкістане, а астатнія рэспублікі былога СССР даўно скасавалі адпаведныя артыкулы ў крымінальным кодэксе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG