Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праекце бюджэту заплянавалі меншы рост эканомікі, чым прагназаваў урад


© Shutterstock
© Shutterstock

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая апублікавала праект рэспубліканскага бюджэту на 2020 год. Яна сьцьвярджае, што папярэдняе «нулявое» чытаньне заплянаванае на 6 лістапада.

У бюджэт закладзены дэфіцыт у памеры 995,1 млн рублёў пры даходах 24,4 млрд (большых за цяперашнія на 0,3%) і выдатках 25,4 млрд (большых за цяперашнія на 11,4%). Пра тое, што бюджэт плянуюць з дэфіцытам, міністар фінансаў казаў і раней.

Асобна адзначаецца, што падатковая палітыка будзе весьціся з улікам неабходнасьці кансалідацыі даходаў з улікам расейскага падатковага манэўру (страты ацэньваюць у 239,3 млн даляраў ад самога манэўру і ў 432,6 млн даляраў ад спыненьня дамоваў у нафтагазавай сфэры). Улады лічаць, што менавіта манэўр спрычыніў дэфіцыт бюджэту.

Як і паведамлялася раней, бюджэт у праекце разьлічаны зь сярэднегадавым курсам рубля, роўным 2,2447 рубля за даляр, і прыблізна цяперашнімі цэнамі на нафту (60 даляраў за барэль URALS). Таксама праект разьлічваўся з захаваньнем аб’ёмаў імпарту расейскай нафты (18 млн тонаў) і стаўкі рэфінансаваньня (9,5%), інфляцыяй на ўзроўні 5%.

Але рост эканомікі, на які разьлічваўся бюджэт, істотна меншы за прагнозы ўраду. У 2020 годзе ў праекце чакаюць росту валавога ўнутранага прадукту на 1,9%. Урад жа спачатку плянаваў 2,5%, а калі Лукашэнка назваў пляны «недастаткова напружанымі», заплянаваў 2,8%. З чым зьвязаная такая розьніца ў прагнозах, у праекце не тлумачыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG