Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрацы растлумачыла, чаму ня варта скарачаць дэкрэтны водпуск


©Shutterstock
©Shutterstock

Намесьнік міністра працы Валер Кавалькоў расказаў 1 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме, што ягонае ведамства не разглядае скарачэньне дэкрэтнага водпуску, піша Tut.by.

У канцы чэрвеня ў Мінпрацы адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра скарачэньне дэкрэтнага водпуску з 3 да 2 гадоў — дэпутатка Ганна Канапацкая сьцьвярджала, што праект такіх зьменаў ужо падрыхтаваны.

Неабходнасьць такога кроку аргумэнтавалі тым, што фінансавая дапамога сем’ям выплочваецца з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, што кладзецца ўсё больш адчувальнай нагрузнай на бюджэт. З другога боку, жанчыны за такі тэрмін губляюць кваліфікацыю і адрываюцца ад прафэсійнай рэальнасьці.

Цяпер жа намесьнік міністра заявіў, што казаць пра такое скарачэньне «абсалютна заўчасна». Валер Кавалькоў назваў прычыны, зь якіх ня варта скарачаць дэкрэтны водпуск:

  • «Трэба падумаць пра інфраструктуру», бо цяпер у краіне каля 300 тысячаў дзяцей да трох гадоў, штогод нараджаецца каля 95–100 тысяч дзяцей, а «нельга сказаць», што дзяржава гатовая забясьпечыць дадатковых дзяцей дашкольнымі ўстановамі, «напружанасьць ёсьць».
  • Часткова кампэнсаваць бацькам паслугі няняў або прыватных садкоў, як робяць ва Ўкраіне, беларуская дзяржава цяпер не гатовая, бо «для гэтага патрэбныя рэсурсы».
  • Грамадзтва мусіць прывыкнуць да думкі пра скарачэньне дэкрэтнага водпуску і пераканацца, што дзяржава гатовая забясьпечыць дзяцей дашкольнымі ўстановамі.
  • Рэакцыя на навіну пра нібыта падрыхтаваныя зьмены была «неадназначная», але нэгатыўных водгукаў было больш.
  • Скарачэньне не забясьпечыць рост валавага ўнутранага прадукту на 2,7%, як прадказвалі экспэрты цэнтру BEROC, бо на месца людзей у дэкрэтным водпуску звычайна бяруць часовых працаўнікоў, а новыя працоўныя месцы самі па сабе ня зьявяцца.

Але яшчэ ў 2016-м тагачасны памочнік прэзыдэнта ў эканамічных пытаньнях Кірыл Руды, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, казаў пра зьмяншэньне дэкрэтнага водпуску — маўляў, нідзе ў сьвеце няма падобнай палёгкі, нават у заможняй Заходняй Эўропе гэты тэрмін складае блізу году.

Летась на адмысловым паседжаньні Савету рэспублікі, прысьвечаным сацыяльнай палітыцы, таксама ўздымалася пытаньне перагляду працягласьці водпуску, які даецца жанчынам зь дзецьмі да 3 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG