Укамплектаванасьць лекарамі-пэдыятрамі за апошнія гады ў Беларусі вырасла і дасягнула 74,3%, піша БелаПАН са спасылкай на начальніцу аддзелу мэдычнай дапамогі маці і дзецям Міністэрства здароўя Людмілу Лёгкую.
Цяпер «практычна паўсюль» выконваецца норма ў аднаго пэдыятра на 800 дзяцей, расказала чыноўніца. Усяго ў краіне каля 4000 дактароў пэдыятрычнага профілю, менавіта пэдыятраў — каля 3500, зь іх участковых пэдыятраў — каля 2200.
Каб павялічыць колькасьць пэдыятраў, цяпер фармуюць прагноз патрэбы ў іх на 5 і 10 гадоў, павялічваюць набор на пэдыятрычныя факультэты ўнівэрсытэтаў, а дзе такіх факультэтаў няма, студэнтаў лячэбных факультэтаў накіроўваюць на субардынатуру ў пэдыятрыі.
Пэдыятраў цяпер рыхтуюць з «пашыранымі функцыямі афтальмоляга, отарыналарынголяга і нэўроляга», адыходзяць ад «вузкай спэцыялізацыі», каб менавіта першы лекар, да якога зьвернуцца бацькі, мог вызначыць прычыну хваробы.
Але дзіцячых лекараў бракуе нават у сталіцы — галоўная пэдыятарка Менску тлумачыла гэта тым, што, хоць выпускнікоў дастаткова, яны «адпрацоўваюць неабходны тэрмін і, напрыклад, зьяжджаюць за мяжу ў пошуках лепшай працы». Да таго ж у пэдыятры часьцей ідуць маладыя жанчыны, якія сыходзяць у дэкрэтны водпуск (агулам сярод мэдыкаў 85% — жанчыны, у сярэднім каля 20% зь іх знаходзяцца ў водпуску па даглядзе дзіцяці).
Тым часам у Менску стартавала тэставая ініцыятыва для «выпрацоўкі альтэрнатывы візытам пэдыятраў на дом» — у паліклініках №6 і №12 скарачаюць візыты да дзяцей да 3 гадоў, часьцей прымаюць іх у кабінэтах (бо на выезьдзе «ўсё, што могуць зрабіць, — гэта паслухаць і агледзець дзіця, а каб зрабіць неабходныя аналізы, усё роўна давядзецца ехаць у паліклініку»), замест 4 гадзінаў прыёму на дзень пераходзяць на 5 гадзінаў.