Заснавальнік сацыяльнай сеткі Twitter Джэк Дорсі абвясьціў у сэрыі твітаў рашэньне кампаніі спыніць публікацыю платнай палітычнай рэклямы.
«Мы верым, што ахоп палітычнага пасылу мусіць быць зароблены, а ня куплены», — растлумачыў Джэк Дорсі.
Сацсетка яшчэ не публікавала дакладных правілаў — Дорсі абяцае зрабіць гэта 15 лістапада. Паводле заснавальніка, у Twitter спачатку зьбіраліся спыніць толькі рэкляму кандыдатаў, але прымаць рэкляму аб праблемах, якія хочуць разьвязаць кандыдаты. Але вырашылі, што праз гэта палітыкі змогуць абысьці забарону на рэкляму саміх сабе.
Паводле яго, палітычныя пасланьні мусяць дасягаць людзей, падпісаных на акаўнт палітыка або акаўнты тых, хто публікуе пасланьні палітыка на сваіх старонках (робіць рэтвіты). Аплата рэклямы робіць так, што чалавек пазбаўляецца рашэньня, ці хоча бачыць пасланьні палітыка.
«Хоць рэкляма ў інтэрнэце неверагодна магутная і вельмі эфэктыўная для камэрцыйных рэклямадаўцаў, гэтая магутнасьць нясе значныя рызыкі для палітыкі, і яе можна выкарыстоўваць для ўплыву на галасы, што ўплываюць на жыцьцё мільёнаў», — разважае ён.
Дорсі таксама адзначае, што рэкляма ў інтэрнэце нясе новыя выклікі грамадзянскаму дыскурсу: аптымізацыя праз машыннае навучаньне і мікра-таргетаваньне рэклямы, неправераныя падманныя зьвесткі і створаныя нэўрасеткамі фэйкавыя фота і відэа (deep fakes).
«Гэта не пра свабоду слова, — рэзюмуе ён. — Гэта пра аплату за ахопліваньне. І аплата за павелічэньне ахопу палітычнай прамовы мае значныя наступствы, зь якімі сёньняшняя дэмакратычная інфраструктура ня можа быць гатовая змагацца».
Тым часам іншая папулярная сацсетка, Facebook, не забараняе ўсёй палітычнай рэклямы, але стараецца зрабіць яе празрыстай: паказаць, хто яе замовіў і як фінансуе. Таксама ўведзеная прэмадэрацыя рэклямы на тэмы палітыкі, рэлігіі, этнасу і сацыяльных праблемаў. Хаця, напрыклад, адмовілася ад любой рэклямы крыптавалютаў.