Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган назваў «абразай нацыі» прызнаньне Кангрэсам ЗША генацыду армян


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган 30 кастрычніка рэзка адрэагаваў на рашэньне Кангрэсу ЗША прызнаць генацыдам масавыя забойствы і дэпартацыі армян у 1915 годзе ў Асманскай імпэрыі.

«Доўга, дваццаць гадоў лабісты дамагаліся гэтага рашэньня. Але я зьвяртаюся да амэрыканскай і да сусьветнай грамадзкасьці: гэта рашэньне не вартае ламанага шэлега, у яго няма ніякай сілы і мы яго не прызнаем!» — заявіў Эрдаган, у сваім звароце да дэпутатаў кіруючай фракцыі ў парлямэнце, што прадстаўляюць яго партыю. Заява таксама трансьлявалася па нацыянальным тэлебачаньні.

«Пытаньнем таго, што адбылося, павінны займацца гісторыкі і археолягі. Не трэба надаваць яму палітычнае адценьне, — пракамэнтаваў Эрдаган падзеі 1915 году. — Мы адкрылі нашы архівы, больш за мільён дакумэнтаў. Калі ў армян ёсьць такія дакумэнты — хай таксама адкрыюць. А бязь іх колькі б вы ні сьцьвярджалі, што мы вінаватыя — мы ад гэтага больш вінаватымі не станем. Гэта было „перасоўваньне“, і называць яго „генацыдам“ — злачынства. А вылучаць такое абвінавачваньне — значыць абражаць усю нашу нацыю».

Эрдаган таксама заявіў, што Турэччына «на працягу ўсёй гісторыі» падвяргалася нападам з боку «армянскіх тэрарыстычных арганізацый», у прыватнасьці ASALA (Армянская сакрэтная армія вызваленьня Армэніі), што дзейнічала ў 1970-80-я гады. У 1980-х гадах яна была ўключана дзярждэпартамэнтам ЗША ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый, але пасьля была зь яго выключана.

Прэзыдэнт Турэччыны паставіў ASALA у адзін шэраг з Працоўнай партыяй Курдыстану і прыхільнікамі прапаведніка Фэтхулаха Гюлена (абедзьве арганізацыі прызнаныя ў Турэччыне тэрарыстычнымі) і заявіў, што ЗША іх усіх «падтрымліваюць з даўніх часоў». Гюлен атрымаў прытулак у ЗША, хоць Турэччына ўжо некалькі гадоў дамагаецца яго выдачы.

«Мы рыхтуем сур’ёзны адказ на рашэньне [Кангрэсу] і думаем, што рэзалюцыя [пра генацыд] была накіравана на вырашэньне ўнутраных праблем у ЗША, — падкрэсьліў Эрдаган. — Адказ будзе адэкватным, і мы адкажам краіне, гісторыя якой напоўнена генацыдам, рабствам, за якое ніхто не адказаў, і іншымі цёмнымі старонкамі. І гэтая краіна ня мае права нечаму вучыць Турэччыну!»

Адным з магчымых адказаў на рэзалюцыю аб генацыдзе, паводле Эрдагана, можа быць падтрымка Турэччынай пратэставых рухаў на тэрыторыі ЗША.

«Нашы грамадзяне маюць права пратэставаць у вашых краінах супраць палітыкі, якую вы праводзіце. І мы будзем дыпляматычна і праз падтрымку пратэстоўцаў за мяжой змагацца з праявамі такой варожасьці да нас», — паабяцаў ён.

Раней палата прадстаўнікоў ЗША пры падтрымцы абедзьвюх партый ухваліла законапраект аб санкцыях супраць Турэччыны, а таксама рэзалюцыю аб прызнаньні Злучанымі Штатамі армянскага генацыду.
Законапраект аб санкцыях быў ухвалены 403 галасамі «за» пры 16 «супраць».

Ён прадугледжвае пакараньне высокапастаўленых турэцкіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да прыняцьця рашэньня аб уварваньні ў паўночныя раёны Сырыі і парушэньняў правоў чалавека ў дачыненьні да курдаў. Цяпер законапраект павінен быць прыняты Сэнатам і падпісаны прэзыдэнтам ЗША, каб стаць законам.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пераважнай большасьцю галасоў ухваліла рэзалюцыю, у якой упершыню фармальна прызнала генацыдам масавыя забойствы армянаў у Асманскай імпэрыі ў 1915 годзе. У рэзалюцыі гаворыцца аб прызнаньні ЗША тэрміну «армянскі генацыд» і асуджэньні генацыду як пастулату амэрыканскай зьнешняй палітыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG