Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган папярэдзіў, што яго краіна «ачысьціць ад тэрарыстаў», як у Анкары называюць атрады сырыйскіх курдаў, прымежныя тэрыторыі Сырыі на паўночным усходзе гэтай краіны, калі курдзкія байцы не адступяць самі да заканчэньня тэрміну, які Турэччына ўзгадніла з Расеяй.
«Калі тэрарысты ня ачысьцяць тэрыторыю да заканчэньня тэрміну 150 гадзін, мы возьмем яе пад кантроль і ачысьцім самі», — заявіў ён, выступаючы ў Стамбуле і маючы на ўвазе сілы сырыйскіх курдаў «Атрады народнай самаабароны», вядомыя пад курдзкім скарачэньнем YPG. Гэтыя сілы Анкара лічыць спародненымі з забароненай у Турэччыне ўзброенай сэпаратысцкай групоўкай турэцкіх курдаў «Працоўная партыя Курдыстану», вядомай таксама па курдзкім скарачэньнем PKK, і ўсіх іх разам называе «тэрарыстамі».
Гэты тэрмін заканчваецца ў 18.00 паводле мясцовага часу (будзе супадаць зь менскім) 29 кастрычніка.
Эрдаган і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дамовіліся падчас сустрэчы ў расейскім Сочы 23 кастрычніка, што Масква «дапаможа адсунуць» сырыйскіх курдзкіх байцоў і іх ўзбраеньне на адлегласьць 32 кілямэтраў ад мяжы з Турэччынай.
Турэччына і атрады саюзных ёй сырыйскіх паўстанцаў пачалі наступ на пазыцыі курдзкіх байцоў на поўначы Сырыі 9 кастрычніка, пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней у гэтым месяцы вырашыў вывесьці з рэгіёну амэрыканскія войскі. Анкара і Вашынгтон урэшце дамовіліся, што атрады сырыйскіх курдаў, якія былі саюзьнікамі ЗША ў барацьбе супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», адыдуць з зоны даўжынёю 120 кілямэтраў, ад Таль-Абьяду да Рас-эль-Айну.
У саюзе NATO, у які ўваходзіць і Турэччына, раскрытыкавалі ваенную апэрацыю Анкары ў Сырыі.