Падзеі 31 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
31 кастрычніка 1992 году ня стала Міхася Ткачова, беларускага гісторыка і палітыка. Ткачоў быў ініцыятарам аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першым старшынём Цэнтральнай Рады БСДГ (1991-1992).
Вучыў беларускай гісторыі Высоцкага. 16 фактаў пра Міхася Ткачова
Як гісторык Міхась Ткачоў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў эвалюцыю замкаў і арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.
500 найлепшых кніг за 500 гадоў
Таксама ў гэты дзень
1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля чыгуначнага вакзала, які тады называўся Віленскім, сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Паўла Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.
1961 — цела Іосіфа Сталіна вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы Масквы.
1968 — Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.
2015 — у Эгіпце разьбіўся расейскі самалёт. На борце былі 224 чалавекі, усе загінулі.
У гэты дзень нарадзіліся
1930 — Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.
1934 — Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.
1937 — Яўген Кулік, мастак, адзін з аўтараў эталёну дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусі «Пагоня», які быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам.
У памяці
1932 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.
1937 — супрацоўнікі НКВД расстралялі Антона Баліцкага, дзяржаўнага дзеяча, аднаго з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.
1993 — Фэдэрыка Фэліні, італьянскі рэжысэр.