29 кастрычніка а 20-й гадзіне ва ўрочышчы Курапаты на Галгофе пачнецца «Ноч расстраляных паэтаў» — трэці год запар у Дзень памяці палітычных рэпрэсій вядомыя беларусы будуць чытаць вершы, успамінаць бязьвінна загінулых. Свабода папрасіла выказацца нобэлеўскую ляўрэатку, старшыню Беларускага ПЭН-Цэнтру Сьвятлану Алексіевіч.
«Свабодзе трэба вучыцца. І трэба добра ўсьвядоміць, што гэта ня Сталін стаяў і кожнага асабіста забіваў. Гэта людзі рабілі адзін з адным, — кажа нобэлеўская ляўрэатка, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Сьвятлана Алексіевіч. — Таму што яны ня ведалі, што такое свабода, у іх не было досьведу свабоднага жыцьця. І яны зьнішчалі адзін аднаго паводле загадаў».
Алексіевіч кажа, што свой выступ на Радзе Беларускага ПЭН-Цэнтру, дзе зноў будзе разглядацца пытаньне пра сяброўства Паўла Севярынца ў гэтай арганізацыі, яна пачне з таго, што ўсё, што адбываецца апошнім часам, вельмі сымбалічна менавіта ў зьвязку з гэтай чорнай датай у гісторыі Беларусі — ноччу з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі былі зьнішчаныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 літаратары.
«І гэта павінна нас сёньня навучыць размаўляць адзін з адным, разумець, любіць людзей. Бо мала таго, што ўлада заўсёды зьнішчала свабоду і вальнадумства, і Сталін зьнішчаў эліту. І зараз зьнішчаюць усялякае свабоднае мысьленьне, а людзі самі вельмі ахвотна ў гэтую гульню ўваходзяць. І імгненна запускаецца гэтая сталінская машына...
Я думаю, што больш за ўсё нам трэба ў гэтую ноч думаць пра тое, што мы павінны вучыцца свабодзе. Бо тое, што мы бачым на прыкладзе канфлікту ў ПЭН-Цэнтры, — вынік таго, што людзі не свабодныя. Калі яны крычаць, што яны хрысьціяне, насамрэч яны не хрысьціяне, таму што хрысьціянства ня можа быць агрэсіўным. Таму што нянавісьць нас ня выратуе. А выратуе толькі любоў», — мяркуе нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі
Асноўнае пра Курапаты
Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму
Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў
«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі
Картатэка Сталіна