Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы адказаў Лукашэнку наконт амэрыканскіх танкаў ля беларускай мяжы


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Вайскоўцы арміі ЗША разьмяшчаюцца ў Літве з мэтай абароны жыхароў краіны, а не для запалохваньня Беларусі, заявіў літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа 29 кастрычніка ў эфіры радыёстанцыі Žinių radijas, піша Delfi.

Такім чынам Гітанас Наўседа адрэагаваў на словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што кіраўніцтва Беларусі разглядае разьмяшчэньне амэрыканскага вайсковага кантынгенту ля сваёй краіны як «дэманстрацыю сілы».

«Тое, што ў Літве разьмяшчаюцца вайскоўцы NATO і тэхніка NATO, гэта проста жаданьне абараніць людзей ад магчымых інтэрвэнцый, каб яны маглі ў бясьпецы ствараць свой дабрабыт. Гэта адзіная мэта абароннай палітыкі Літвы. Мы стараемся абараніць свой край. Нам не патрэбны іншыя землі і нам ня трэба палохаць сваіх суседзяў, таму што наша палітыка была, ёсьць і будзе мірнай», — сказаў Наўседа.

У канцы верасьня прэс-служба Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы паведаміла, што ў рамках вучэньняў NATO у Літву прыбудуць больш за 500 вайскоўцаў, а таксама 30 танкаў «Абрамс», 25 баявых машын пяхоты «Брэдлі», 70 колавых транспартных сродкаў. Пазьней ведамства паведаміла, што частка вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі ўжо на тэрыторыі краіны.

23 кастрычніка была апублікаваная заява міністра нацыянальнай абароны Літвы Раймундаса Каробліса пра тое, што ваенных ці іншых пагрозаў сувэрэнітэту Беларусі з боку Захаду няма. «Таму мы сапраўды спадзяёмся, што беларуская рэакцыя будзе адэкватнай», — заявіў літоўскі чыноўнік.

Аляксандар Лукашэнка назваў вучэньні NATO Defender-2020 «незразумелымі», сказаў, што «гэта ненармальна» і яму разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным «давядзецца падумаць пра тое, як засьцерагчы сябе ў гэты пэрыяд». Разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў і танкаў у Літве ён назваў «прэцэдэнтам», заявіў, што «ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых межаў з-за акіяну ня перакідваліся войскі» і што «на такія дэманстрацыі мы проста вымушаныя адказваць».

28 кастрычніка Лукашэнка склікаў адмысловую нараду з удзелам дзяржсакратара Савета бясьпекі, міністра абароны і начальніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Беларусі, пасьля якой міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Беларусь плянуе шэраг захадаў дзеля адэкватнага рэагаваньня на разьмяшчэньне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы. У прыватнасьці, захады, скіраваныя на ўзмацненьне дзяржаўнай мяжы і павелічэньне колькасьці сухапутнага вайсковага кантынгенту на літоўскім напрамку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG