Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік NATO адказаў на занепакоенасьць Лукашэнкі вучэньнямі альянсу ля Беларусі


У Беларусі няма прычын для турботаў у сувязі з вучэньнямі NATO у непасрэднай блізкасьці ад беларускай мяжы, заявіў генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг, цытуе яго словы сайт NATO.

Як падкрэсьліў Столтэнбэрг, «NATO зьяўляецца абарончым альянсам, і, вядома, усе краіны маюць права праводзіць вучэньні сваіх войскаў, і гэта таксама датычыцца саюзьнікаў па NATO». Ён дадаў, што NATO рэгулярна праводзіць вучэньні на працягу 70 гадоў з моманту заснаваньня ў 1949 годзе.

«Саюзьнікі па NATO прадказальныя і празрыстыя ў тым, як яны праводзяць свае вучэньні. Такім чынам, абарончы альянс, які праводзіць вучэньні сваіх сіл, не павінен выклікаць занепакоенасьць у суседзяў», — сказаў Столтэнбэрг.

Як адзначыў кіраўнік NATO, альянс сутыкаецца з больш непрадказальным становішчам у сфэры бясьпекі, з павелічэньнем вайсковай актыўнасьці ўздоўж сваіх межаў.

Вучэньні NATO Defender-2020 пройдуць у 2020 годзе. У межах вучэньняў ЗША маюць намер адпрацаваць хуткае перакідваньне сваіх войскаў праз Атлянтычны акіян і Нямеччыну ў Польшчу і краіны Балтыі. ЗША сьцьвярджаюць, што вучэньні Defender 2020 стануць самымі маштабнымі за апошнія 25 гадоў. У іх возьмуць удзел каля 20 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў разам з вайсковай тэхнікай. Усяго ў манэўрах будзе задзейнічана 37 тысяч салдат NATO з 18 краінаў, трэніроўкі пройдуць на тэрыторыі 10 краінаў.

У канцы верасьня прэс-служба Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы паведаміла, што ў рамках вучэньняў NATO у Літву прыбудуць больш за 500 вайскоўцаў, а таксама 30 танкаў «Абрамс», 25 баявых машын пяхоты «Брэдлі», 70 колавых транспартных сродкаў. У кастрычніку ведамства паведаміла, што частка вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі ўжо на тэрыторыі краіны. Яны разьмесьцяцца на мяжы зь Беларусьсю, на вайсковым палігоне ў Пабрадзе, да вясны 2020 году.

Аляксандар Лукашэнка назваў вучэньні NATO Defender-2020 «незразумелымі», сказаў, што «гэта ненармальна» і яму разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным «давядзецца падумаць пра тое, як засьцерагчы сябе ў гэты пэрыяд». Разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў і танкаў у Літве ён назваў «прэцэдэнтам», заявіў, што «ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых межаў з-за акіяну ня перакідваліся войскі» і што «на такія дэманстрацыі мы проста вымушаныя адказваць».

28 кастрычніка Лукашэнка склікаў нараду з удзелам дзяржсакратара Савета бясьпекі, міністра абароны і начальніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Беларусі і заслухаў іх даклад «аб вайскова-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, а таксама прапановах па рэагаваньні».

Пасьля нарады міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў што Беларусь плянуе шэраг захадаў дзеля адэкватнага рэагаваньня на разьмяшчэньне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы. У прыватнасьці, захады, скіраваныя на ўзмацненьне дзяржаўнай мяжы і павелічэньне колькасьці сухапутнага вайсковага кантынгенту на літоўскім напрамку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG