Прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) Сума Чакрабарці «зрабіў асаблівы акцэнт» на неабходнасьці прагрэсу ў рэалізацыі прыватызацыйных угодаў, якія ня першы год абмяркоўваюцца з урадам Беларусі.
Пра гэта Чакрабарці казаў у рамках сустрэчы зь беларускай дэлегацый у Вашынгтоне, калі бакі спыніліся на пытаньні пачатку падрыхтоўкі новай Стратэгіі ЭБРР для Беларусі на 2020–2023 гады, паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі Беларусі.
У Міністэрстве эканомікі тым часам разьлічваюць, што у 2019 годзе аб’ём крэдытнай падтрымкі з боку ЭБРР перавысіць леташнія 360 мільёнаў эўра.
У прыватнасьці, падрыхтоўка да прыватызацыі «Белінвэстбанку» і банку «Дабрабыт» (раней «Масква-Менск»), ААТ «Крыніца», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», абмяркоўваецца ўжо не адзін год, аднак пакуль нейкага прагрэсу ў рэалізацыі прыватызацыйных угодаў няма.
Найбольш блізка бакі падышлі да кампрамісу ў справе прыватызацыі пакету акцый «Белінвэстбанку», аднак дыялёг спыніўся улетку гэтага году, калі ЭБРР ацаніў банк у 120 млн даляраў, а ўрад назваў суму амаль утрая большую.
Таксама пакуль застаецца нерэалізаваным праект продажу ЭБРР дзяржаўнай долі ў «Прыёрбанку» (больш 87,7% акцый належыць Raiffeisen CIS Region Holding GmbH).
Ад пачатку сваёй дзейнасьці ў Беларусі ў 1992 годзе Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця выдаткаваў каля 2,5 млрд эўра на 114 праектаў у розных галінах эканомікі. Па выніках мінулага году ён прафінансаваў два дзясяткі праграмаў на 360 млн эўра, што зьяўляецца найлепшым вынікам за ўвесь час працы у Беларусі.