Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гей з Чачні назваў сваё імя і падаў заяву аб катаваньнях у сьледчы камітэт


Максім Лапуноў на прэсавай канфэрэнцыі ў "Новай газэце"
Максім Лапуноў на прэсавай канфэрэнцыі ў "Новай газэце"

Першы гей, які зазнаў перасьлед у Чачні і назваў сваё імя, падаў заяву ў сьледчы камітэт РФ. Максім Лапуноў патрабуе правесьці расьсьледаваньне па факце катаваньняў прадстаўнікоў ЛГБТ у Чачэнскай рэспубліцы. Пра гэта сам Лапуноў паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, арганізаванай рэдакцыяй «Новай газэты».

Як адзначае «Новая газэта», Лапуноў пражываў у Чачні два гады і займаўся малым прадпрымальніцтвам. У пачатку траўня ён патэлефанаваў на гарачую лінію «Расейскай ЛГБТ-сеткі». Лапуноў паведаміў праваабаронцам, што яго затрымалі ў сакавіку, пасьля чаго ён знаходзіўся ў адным з падвалаў так званай «сакрэтнай турмы».

«Новая газэта» мяркуе, што памяшканьне знаходзіцца ва ўпраўленьні крымінальнага вышуку МУС па Чачэнскай рэспубліцы. Лапуноў паведаміў, што яго катавалі і патрабавалі назваць імёны знаёмых яму геяў. Лапуноў таксама сказаў, што яго білі за тое, што ён «расеец, прыехаў у Чачню і „псаваў“ чачэнцаў».

Пасьля Лапунова вызвалілі. Ён зьвязвае гэта з тым, што было шмат сьведак затрыманьня, а сваякі з Пермскага краю, адкуль ён родам, абвясьцілі яго ў вышук.

Па словах кіраўніка «Расейскай ЛГБТ-сеткі» Ігара Качаткова, з красавіка на гарачую лінію арганізацыі патэлефанавалі 79 чалавек. 27 зь іх, як сьцьвярджаецца, выкралі і катавалі. Амаль палова з тых, хто патэлефанаваў — сваякі і сябры затрыманых, на якіх аказвалі ціск праваахоўныя органы.

У красавіку «Новая газэта» пачала сэрыю публікацыяў пра масавыя затрыманьні, катаваньні і забойствы геяў у Чачні.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, ААН, Эўразьвяз, ЗША і іншыя заходнія краіны заклікаюць улады Расеі старанна расьсьледаваць усе паведамленьні аб актах гвалту ў дачыненьні да геяў у Чачні.

Праверку фактаў перасьледу геяў таксама праводзіць упаўнаважаны па правах чалавека РФ Тацяна Маскалькова. Яна паведаміла, што ў Чачні распачатыя 18 крымінальных справаў па фактах зьнікненьня жыхароў Рэспублікі, якія былі зьвязаныя з ЛГБТ-супольнасьцю.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў адпрэчыў усе абвінавачваньні і заявіў, што ў Чачні гомасэксуалістаў няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG