Падзеі 22 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
22 кастрычніка 2018 году памёр Фёдар Клімчук — спэцыяліст па гісторыі й дыялекталёгіі Палесься. Ён працаваў у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. Клімчук — аўтар больш чым 200 працаў у галіне дыялекталёгіі, лінгвагеаграфіі, лексыкаграфіі, славістыкі, фальклёру, этнагенэзу, сацыялінгвістыкі, тапаніміі.
Больш за 13 гадоў Фёдар Клімчук працаваў над перакладам Новага Запавету на заходнепалескі дыялект. У інтэрвію Свабодзе ён распавядаў, на якой мове размаўлялі ў Менску 1950-х гадоў і як на ягоны пераклад адрэагавалі вернікі РПЦ.
Таксама ў гэты дзень
1721 — Расея аб’яўленая імпэрыяй, Пётр І стаў імпэратарам.
1941 — створаная Беларуская народная самапомач — дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, матэрыяльна дапамагала людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад з сваім незалежным ад немцаў войскам.
1947 — Індыя і Пакістан пачалі вайну за Кашмір.
1962 — прэзыдэнт ЗША Джон Кэнэдзі заявіў, што СССР пабудаваў ракетную базу на Кубе, і ўвёў марскую блякаду востраву.
1975 — у Менску заснавалі піўзавод «Крыніца».
1988 — у Вільні пачаўся ўстаноўчы зьезд Літоўскага руху за перабудову («Саюдзіс»).
У гэты дзень нарадзіліся
1811 — Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар і піяніст.
1844 — Сара Бэрнар, француская актрыса.
1870 — Іван Бунін, расейскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі па літаратуры. Род Буніных паходзіць ад Сымона Бунікоўскага, беларускага шляхціца, які ў XV стагодзьдзі трапіў у маскоўскі палон і застаўся ў Расеі. Там той род атрымаў мянушку Буніных. Сам Іван Бунін, аўтар твораў, што сталі сусьветнай клясыкаю — «Сухадол», «Антонаўкі», «Цёмныя прысады» ды аўтабіяграфічнага раману «Жыцьцё Арсеньнева», — памёр на эміграцыі ў 1953 годзе.
1919 — Раіса Жук-Грышкевіч, актыўная дзяячка беларускай эміграцыі.
1922 — Леў Яшын, савецкі футбаліст.
1933 — Ігар Дабралюбаў, беларускі рэжысэр і сцэнарыст. Аўтар фільмаў «Па сакрэту ўсяму сьвету», «Расклад на пасьлязаўтра», «Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы» ды іншых.
У памяці
1883 — Майн Рыд, ірляндзкі і амэрыканскі пісьменьнік.
1937 — расстраляны НКВД Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. Найбольш вядомыя ягоныя аповесьці — «Ні госьць, ні гаспадар» і «Нядоля Заблоцкіх». Застаўся пасьля Калюгі і недапісаны раман «Пустадомкі». Арыштавалі пісьменьніка ў 1933-м, калі яму было ўсяго 24 гады, і больш на свабоду ён ня выйшаў.
2010 — Павал Лойка, беларускі гісторык.
2018 — Ёахім Рэнэбэрг, які ў 1943 годзе правёў дывэрсійную апэрацыю, што сарвала пляны гітлераўскай Нямеччыны стварыць атамную бомбу.
Каманда Рэнэбэрга здолела зьнішчыць завод па вытворчасьці «цяжкай вады». Яна павінна была стаць адным з кампанэнтаў пры распрацоўцы ядзернай зброі. Каб дабрацца да ахоўнага аб’екта, 23-гадовы Рэнэбэрг і ягоныя паплечнікі высадзіліся на парашутах на горную засьнежаную раўніну і ішлі да завода на лыжах. Пасьля падрыву завода яны прабеглі на лыжах сотні кілямэтраў і схаваліся на тэрыторыі нэўтральнай Швэцыі.
У 1942 году падобная апэрацыя завяршылася правалам: яе ўдзельнікаў захапілі ў палон яшчэ да таго, як ім удалося дабрацца да мэты.