Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая і Анісім пракамэнтавалі свой нядопуск да выбараў

абноўлена

Дзейных дэпутатак Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім і Ганну Канапацкую 17 кастрычніка не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах — 2019. Яны расказалі Свабодзе, што пра гэта думаюць.

Алена Анісім: «Падтасоўкі не было ніякай»

Адмову ў рэгістрацыі Анісім тлумачыць «жаданьнем скараціць колькасьць прэтэндэнтаў».

«Камісія ішла вельмі жорстка ў пляне збору подпісаў», — сказала Анісім.

Алена Анісім, жнівень 2019
Алена Анісім, жнівень 2019

Дэпутатка кажа, што не страхавалася ад гэтага: не вылучалася ад партыі ці працоўнага калектыву. Паводле Анісім, у яе не было ніводнага несапраўднага подпісу, а прычынай адмовы ў рэгістрацыі сталі «тэхнічныя моманты».

«Гэта можа быць недакладнасьць напісаньня адрасу, неўказаньне назвы раёну. Гэта лічыцца грубай памылкай. І такіх вось некалькі нюансаў. Замест даты паставілі подпіс, і гэтак далей. Вось такія прэтэнзіі нам прад’явілі. Ніводнага несапраўднага подпісу ў мяне няма і не магло быць, каб людзі сказалі, што яны не падпісваліся», — сказала Анісім.

Па акрузе, дзе вылучалася Анісім, ідзе ў дэпутаты начальнік раённай міліцыі. Ці склалася ў дзейнай дэпутаткі ўражаньне, што ўлады самі загадзя вызначаюць, каму быць дэпутатам?

«Я не магу казаць за ўсе акругі. Магчыма, у некаторых акругах тыя, хто ідзе ад улады, праводзяць пэўныя перамовы, атрымліваюць дазвол, каб вылучаць сваю кандыдатуру, бо іначай яны правісаюць. Але я ня схільная лічыць, што гэта настолькі жорстка, што немагчыма прарвацца ў Палату прадстаўнікоў. Я не лічу, што гэта такая страшылка», — сказала Анісім.

Алена Анісім сказала, што будзе абскарджваць нерэгістрацыю, хоць і «не разьлічвае на посьпех».

«Нягледзячы на тое, што ўсе мы хацелі жыць у дастаткова дэмакратычным грамадзтве, самі вельмі схільныя аддаваць перавагу фармальнаму падыходу, а ня сутнаснаму. І таму ў мяне ілюзій няма. Але я павінна падаць гэтую апэляцыю. Аспрэчыць тое, што ўся тысяча подпісаў — хто б што ні казаў, гэта подпісы аўтэнтычныя, гэта подпісы людзей, якія разумелі, за каго яны аддаюць свой подпіс — нельга казаць, што там былі нейкія парушэньні. Падтасоўкі фактаў не было ніякай», — сказала Анісім.

Ганна Канапацкая: «Улада скарысталася козырам, які ўсунула кіраўніцтва АГП»

Ганна Канапацкая, кастрычнік 2018
Ганна Канапацкая, кастрычнік 2018

Чаму Канапацкай адмовілі ў рэгістрацыі, Свабодзе не змаглі апэратыўна патлумачыць у Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97.

«Вядома, што падчас усіх палітычных кампаній рэжуць на подпісах. Гэта тое, калі звычайна ўлада здымае з гонкі кандыдатаў. Там былі апіскі, калі чалавек, напрыклад, паставіў 2009 год замест 2019-га. Яны сказалі, што подпісы былі сабраныя тады, калі гэтае дзеяньне было забаронена. Мне гэта нават разанула слых. І мне сказалі, што людзі напісалі 2009 год. Потым я здавала больш подпісаў, яны ўказалі меней. Я здавала 97 лістоў, а ў іх аказалася чамусьці 93. Гэта нейкая дзіўная сытуацыя. Буду падаваць скаргу», — сказала Канапацкая.

Канапацкая сказала, што будзе падаваць скаргу на акружную камісію і абскарджваць яе рашэньне. Дэпутатка мяркуе, што ўлады скарысталіся козырам, які ўсунула кіраўніцтва АГП.

«Усе мы разумеем і ведаем. Калі кіраўніцтва АГП дало такі козыр у рукі ўладам, то яны, канечне, ім скарысталіся. Анатоль Лябедзька вельмі стараўся, каб мяне выключылі з партыі. Вельмі шкада, што пэрсанальныя амбіцыі перашкаджаюць рэалізацыі агульных мэтаў і задач. Лябедзька пастаянна крычыць пра неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, але ён зрабіў усё для таго, каб гэтае пытаньне не было ўключана ў парадак дня Палаты прадстаўнікоў. Я была аўтаркай законапраекту аб зьменах у Выбарчы кодэкс, і ён цяпер у Палаце будзе зьняты. Дык хто з нас працуе на ўладу?» — сказала Канапацкая.

У сваім Telegram-канале Канапацкая напісала, што ўлада «пачала зачышчаць кандыдацкае поле, адразу прыбіраючы моцных праціўнікаў».

Асноўныя заканадаўчыя ініцыятывы Алены Анісім і Ганны Канапацкай:

  • Прапанова аднавіць ордэн Кастуся Каліноўскага (Анісім).
  • Прапанова па зьменах у Кодэкс аб шлюбе і сям’і, каб імя па бацьку ў выпадку шлюбу з замежнікамі запісвалася ў пасьведчаньне аб нараджэньні са згоды бацькоў (Анісім).
  • Законапраект аб мараторыі на выкананьне сьмяротных прысудаў (Анісім).
  • Прапанова зьмяніць рэглямэнт палаты, каб кожны закон выдаваўся на абедзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай (Анісім).
  • Прапанова ўраду апублікаваць праграму паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй (Анісім).
  • Законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сьцяга (Анісім, Канапацкая).
  • Прапановы па ўдасканаленьні закону аб СМІ (Канапацкая).
  • Прапановы аб зьмякчэньні «наркатычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу (Канапацкая).
  • Прапановы аб зьмене выбарчага заканадаўства (былі накіраваныя ў міжведамасную працоўную групу па вывучэньні рэкамэндацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ пры Цэнтравыбаркаме) (Канапацкая).
  • Прапановы ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, каб зьменшыць ролю дзяржавы ў зямельных адносінах (Канапацкая).
  • Збор подпісаў пад пэтыцыяй аб скасаваньні саюзнай дамовы Беларусі і Расеі (Канапацкая).

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG