Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатак Анісім і Канапацкую не зарэгістравалі кандыдаткамі на парлямэнцкіх выбарах. Каго яшчэ?

абноўлена

Дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, архіўныя здымкі
Дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, архіўныя здымкі

Дзейных дэпутатак Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім і Ганну Канапацкую 17 кастрычніка не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах — 2019.

Чаму не зарэгістравалі Анісім?

«Шмат недакладных подпісаў», патлумачылі Свабодзе ў выбарчай камісіі Стаўпецкай акругі № 70.

Адмову ў рэгістрацыі Анісім тлумачыць «жаданьнем скараціць колькасьць прэтэндэнтаў».

«Камісія ішла вельмі жорстка ў пляне збору подпісаў», — сказала Анісім.

Алена Анісім
Алена Анісім

Дэпутатка кажа, што не страхавалася ад гэтага: не вылучалася ад партыі ці працоўнага калектыву. Паводле Анісім, у яе не было ніводнага несапраўднага подпісу, а прычынай адмовы ў рэгістрацыі сталі «тэхнічныя моманты».

«Гэта можа быць недакладнасьць напісаньня адрасу, не ўказаньне назвы раёну. Гэта лічыцца грубай памылкай. І такіх вось некалькі нюансаў. Замест даты паставілі подпіс, і гэтак далей. Вось такія прэтэнзіі нам прад’явілі. Ніводнага несапраўднага подпісу ў мяне няма і не магло быць, каб людзі сказалі, што яны не падпісваліся», — сказала Анісім.

Канапацкую таксама не зарэгістравалі

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Таксама не зарэгістравалі дзейную дэпутатку Ганну Канапацкую. Чаму Канапацкай адмовілі ў рэгістрацыі, Свабодзе не змаглі апэратыўна патлумачыць у Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97.

«Вядома, што падчас усіх палітычных кампаній рэжуць на подпісах. Гэта тое, калі звычайна ўлада здымае з гонкі кандыдатаў. Там былі апіскі, калі чалавек, напрыклад, паставіў 2009 год замест 2019-га. Яны сказалі, што подпісы былі сабраныя тады, калі гэтае дзеяньне было забаронена. Мне гэта нават разанула слых. І мне сказалі, што людзі напісалі 2009 год. Потым я здавала больш подпісаў, яны ўказалі меней. Я здавала 97 лістоў, а ў іх аказалася чамусьці 93. Гэта нейкая дзіўная сытуацыя. Буду падаваць скаргу».

Канапацкая сказала Tut.by, што будзе падаваць скаргу на акружную камісію і абскарджваць іх рашэньне. Дэпутатка мяркуе, што ад уладаў была ўстаноўка не рэгістраваць яе.

«Усе мы разумеем і ведаем. Калі кіраўніцтва АГП дало такі козыр у рукі ўладам, то яны, канечне, ім скарысталіся. Анатоль Лябедзька вельмі стараўся, каб мяне выключылі з партыі. Вельмі шкада, што пэрсанальныя амбіцыі перашкаджаюць рэалізацыі агульных мэтаў і задач. Лябедзька пастаянна крычыць пра неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, але ён зрабіў усё для таго, каб гэтае пытаньне не было ўключана ў парадак дня Палаты прадстаўнікоў. Я была аўтаркай законапраекту аб зьменах у выбарчы кодэкс, і ён цяпер у Палаце будзе зьняты. Дык хто з нас працуе на ўладу?»

Асноўныя заканадаўчыя ініцыятывы Алены Анісім і Ганны Канапацкай:

  • Прапанова аднавіць ордэн Кастуся Каліноўскага (Анісім)
  • Прапанова па зьменах у Кодэкс аб шлюбе і сям’і, каб імя па бацьку ў выпадку шлюбу з замежнікамі запісвалася ў пасьведчаньне аб нараджэньні са згоды бацькоў (Анісім)
  • Законапраект аб мараторыі на выкананьне сьмяротных прысудаў (Анісім)
  • Прапанова зьмяніць рэглямэнт палаты, каб кожны закон выдаваўся на абедзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай (Анісім)
  • Прапанова ўраду апублікаваць праграму паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй (Анісім)
  • Законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сьцягу (Анісім, Канапацкая)
  • Прапановы па ўдасканаленьні закону аб СМІ (Канапацкая)
  • Прапановы аб зьмякчэньні «наркатычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу (Канапацкая)
  • Прапановы аб зьмене выбарчага заканадаўства (былі накіраваныя ў міжведамасную працоўную групу па вывучэньні рэкамэндацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ пры Цэнтрвыбаркаме) (Канапацкая)
  • Прапановы ў «Кодэкс Рэспублікі Беларусі аб зямлі» аб зьмяншэньні ролі дзяржавы ў зямельных адносінах (Канапацкая)
  • Збор подпісаў пад пэтыцыяй аб скасаваньні саюзнай дамовы Беларусі і Расеі (Канапацкая)

Каго яшчэ не зарэгістравалі?

  • Ірыну Халіп, журналістку і жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Халіп адзначыла, што камісія прызнала несапраўднымі ня самі подпісы, а іх даты.

  • Юрася Губарэвіча, лідэра руху «За Свабоду». Ён мяркуе, што старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька пабаяўся ўдзельнічаць разам у дэбатах.​
  • Віктара Янчурэвіча, памочніка дэпутаткі Ганны Канапацкай. Янчурэвіч будзе скардзіцца на камісію.

  • Яўгена Шаўко, старшыню Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG