Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады дасьледуюць, ці сапраўды цяжкахворым дзецям у Горадні патрэбныя дадатковыя паслугі


Дзіцячы госьпіс у Горадні, архіўнае фота
Дзіцячы госьпіс у Горадні, архіўнае фота

Горадзенскі гарвыканкам адказаў дзіцячаму госьпісу на просьбу аплочваць паслугі для цяжка хворых дзяцей. Адказ пакуль не станоўчы і не адмоўны.

Госьпіс зьвяртаўся да ўладаў з просьбай аплочваць дадатковыя паслугі для цяжкахворых дзяцей зь бюджэту. Першы, вусны зварот быў год таму. Старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой тады адказаў у гутарцы, што гэта не такія вялікія грошы.

Гаворка ідзе пра 25 тысяч рублёў у год, якія пойдуць на заробак спэцыялістам госьпісу. Яны змогуць тады рабіць цяжкахворым дзецям масаж і праводзіць зь імі заняткі лячэбнай фізкультуры, аказваць паслугі па сацыялізацыі дзіцяці і бацькоў, паслугі псыхоляга — усё гэта дома.

Паводле апытаньня бацькоў, якое праводзіў госьпіс, большасьць сем’яў зацікаўленыя ў такіх паслугах. Каля 80% замаўляюць іх для сваіх дзяцей у платных спэцыялістаў. Бясплатна іх цяпер можна атрымаць толькі ў паліклініцы, але трапіць туды з розных прычын складана.

Нядаўна госьпіс атрымаў адказ на свой пісьмовы зварот з гарвыканкаму.

Адказ уладаў
Адказ уладаў

Паводле адказу, улады цяпер дасьледуюць, ці сапраўды цяжкахворым дзецям патрэбныя паслугі госьпісу. Да таго ж у адказе нагадалі, што таго, хто будзе аказваць такія паслугі за дзяржаўныя грошы, паводле закону трэба выбіраць на конкурснай аснове.

У той жа час госьпіс шукае новы будынак. Цяпер ён месьціцца ў памяшканьні дзіцячай паліклінікі. Выдзеленых плошчаў не хапае, а паліклініка ня можа выдзеліць больш пакояў. Арганізацыя зьвярталася да гарадзкіх уладаў з просьбай даць у карыстаньне большы будынак, прыкладам, былы мэдыцынскі выцьвярэзьнік.

Аднак з гарвыканкаму адказалі адмоўна, бо госьпіс не ўваходзіць у сьпіс арганізацый, якім належыць выдаваць памяшканьні ў бескаштоўнае карыстаньне.

Цяпер госьпіс шукае новае памяшканьне на камэрцыйнай аснове, плошчай каля 200 квадратаў.

Сэнсорны пакой у госьпісе
Сэнсорны пакой у госьпісе

Госьпіс у Горадні — недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя. Ён існуе за кошт спонсарскай дапамогі перадусім ад буйных беларускіх прадпрыемстваў, а таксама дзякуючы праектнай дзейнасьці (гранты) і ахвяраваньням людзей. Дзяржава не выдзяляе сродкаў на яго ўтрыманьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG