Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэль у эканоміцы сёлета атрымалі за «змаганьне зь беднасьцю»

абноўлена

Мэдаль з выявай Альфрэда Нобэля
Мэдаль з выявай Альфрэда Нобэля

51-ю Нобэлеўскую прэмію ў эканоміцы атрымалі Майкл Крэмэр, Эстэр Дуфлё і Абіджыт Банэрджы за «экспэрымэнтальны падыход да палягчэньня сусьветнай беднасьці».

Банэрджы, Дуфлё і Крэмэр атрымалі Нобэлеўскую прэмію ў эканоміцы за экспэрымэнтальны падыход да барацьбы з беднасьцю — за працу ў галіне эканомікі разьвіцьця. Гэтая галіна эканомікі вывучае прычыны беднасьці і павольнага разьвіцьця ў некаторых рэгіёнах сьвету — навукоўцы, якія працуюць у гэтай галіне, выпрацоўваюць палітычныя і эканамічныя мадэлі далейшага разьвіцьця для гэтых краін.

Іх дасьледаваньне галоўным чынам заключаецца ў тым, каб узяць вострую праблему сусьветнай беднасьці і разьбіць яе на больш дробныя пытаньні, на якія ўжо можна атрымаць больш праўдападобны адказ.

Прыклад такога падыходу: каб знайсьці спосабы палепшыць здароўе дзяцей, трэба дасьледаваць розныя экспэрымэнтальныя падыходы — гэта могуць быць мэтады навучаньня ў адукацыйных установах, сыстэмы аховы здароўя, сельскагаспадарчыя падыходы і доступ да крэдытаў.

Эстэр Дуфлё — наймаладзейшая ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы за апошнія 50 гадоў (ёй 46). Гэта таксама ўжо другая жанчына, якая атрымала гэтую прэмію.

У адрозьненьне ад іншых нобэлеўскіх прэмій, узнагароду за заслугі ў галіне эканомікі заснаваў Цэнтральны банк Швэцыі ў 1968 годзе. Яе таксама называюць прэміяй «памяці Альфрэда Нобэля» — сам Нобэль не называў прэмію ў сваім тэстамэнце.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG