Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне The New York Times: Расея разбамбіла чатыры шпіталі ў Сырыі


Разбураны шпіталь у Кафра Такхарыме, Ідліб. Красавік 2017. Ілюстрацыйнае фота.
Разбураны шпіталь у Кафра Такхарыме, Ідліб. Красавік 2017. Ілюстрацыйнае фота.

Расейская авіяцыя менш чым за суткі разбамбіла чатыры шпіталі на паўночным захадзе Сырыі ў траўні 2019 году, гаворыцца ў расьсьледаваньні The New York Times. Амэрыканская газэта спасылаецца на перамовы расейскіх вайскоўцаў, дадзеныя пра палёты і паказаньні сьведкаў. Выданьне таксама апублікавала відэа і фатаграфіі меркаваных нападаў.

Як сьцьвярджаецца ў публікацыі, авіяналёты адбыліся 5 і 6 траўня ў правінцыі Ідліб. Гэты рэгіён кантралююць сілы сырыйскай узброенай апазыцыі. Ад бамбёжак, гаворыцца ў расьсьледаваньні, пацярпелі ў тым ліку чатыры шпіталі. Журналісты лічаць, што такім чынам Расея хацела зьнішчыць цэнтры паўстанцаў.

У публікацыі гаворыцца, што з аднаго з шпіталяў на момант авіяўдараў былі эвакуяваныя людзі, але ў іншых шпіталях былі загінулыя. Як сьцьвярджаецца, прысутнасьць расейскай авіяцыі ў моманты ўсіх налётаў зафіксавалі назіральнікі. У матэрыяле таксама гаворыцца, што гэтыя шпіталі былі ў адмысловым сьпісе мэдычных установаў, якія перадалі ў ААН для прадухіленьня магчымых нападаў.

Па дадзеных ААН, з канца красавіка да сярэдзіны верасьня расейскія і сырыйскія праўрадавыя войскі напалі на 54 шпіталі ў рэгіёне, непадкантрольным Дамаску.

Паведамленьні аб магчымых бамбаваньнях у гэтыя ж даты раней публікаваліся праваабаронцамі. Таксама травеньскія бамбардзіроўкі ў Ідлібе абмяркоўваліся падчас закрытай сэсіі ў Радзе Бясьпекі ААН.

У публікацыі гаворыцца, што запісы перамоваў расейскіх вайскоўцаў у рэдакцыю перадалі назіральнікі на ўмовах ананімнасьці. Выданьне сьцьвярджае, што ў запісах утрымліваюцца перамовы за некалькі месяцаў.

МЗС Расеі адмовілася камэнтаваць публікацыю і заявіла, што Мінабароны наносіць кропкавыя ўдары па старанна правераным мэтам. Масква раней адпрэчвала дачыненьне да бамбардзіроўкі грамадзянскіх аб’ектаў.

Афіцыйна Расея ўступіла ў грамадзянскую вайну ў Сырыі на баку ўраду Башара Асада 30 верасьня 2015 году, але паведамленьні аб ваеннай і фінансавай дапамозе зьявіліся нашмат раней. Расейскія вайскоўцы дапамагаюць Дамаску змагацца з «тэрарыстамі», да якіх адносяць і ўзброеную апазыцыю, і баевікоў экстрэмісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава».

Міжнародная кааліцыя, якая таксама ваюе супраць «Ісламскай дзяржавы», і праваабаронцы неаднаразова абвінавачвалі Маскву ў масавых парушэньнях правоў чалавека і бамбаваньні грамадзянскіх абʼектаў. У той жа час праваабаронцы абвінавачваюць у парушэньнях правоў чалавека і ваенных злачынствах усе бакі канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG