Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі прызнала гібель траіх вайскоўцаў у Сырыі


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Сырыі
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Сырыі

Трое расейскіх вайскоўцаў загінулі ў Сырыі ў канцы лютага «пасьля нападу тэрарыстаў», паведамілі 26 сакавіка ў Мінабароны РФ. Іх целы даставілі ў Расею.

У вайсковым ведамстве заявілі, што з моманту паступленьня інфармацыі аб зьнікненьні траіх вайскоўцаў вялася няспынная праца па іх пошуку.

Пазьней у рамках сумеснай апэрацыі паветрана-касьмічных сіл і сіл спэцыяльных апэрацый датычная да нападу група з больш чым 30 баевікоў была ліквідаваная, заявілі ў Мінабароны Расеі.

Расея пачала ваенную апэрацыю ў Сырыі ўвосень 2015 году. Увесну наступнага году Ўладзімір Пуцін распарадзіўся вывесьці асноўную частку расейскіх войскаў пасьля «пасьпяховага выкананьня задач», а ў канцы 2017 году выдаў загад аб вывадзе войскаў з Сырыі. Паводле афіцыйных дадзеных, цяпер там месьціцца пастаянная групоўка з гарнізонамі ў Хмэйміме і Тартусе.

Хто менавіта напаў на расейскіх вайскоўцаў, з паведамленьня міністэрства ня цалкам ясна. «Тэрарыстамі» ў вайсковым ведамстве называюць як баевікоў забароненай у Расеі групоўкі «Ісламская дзяржава», так і чальцоў шэрагу іншых груповак.

Паводле афіцыйных дадзеных Мінабароны РФ, падчас ваеннай апэрацыі ў Сырыі з 30 верасьня 2015 году ў выніку баявых дзеяньняў загінулі крыху больш за 40 расейскіх вайскоўцаў. Яшчэ 50 чалавек адносяць да «небаявых страт», сярод іх — людзі, якія загінулі ў выніку некалькіх крушэньняў расейскіх вайсковых самалётаў і верталётаў. У той жа час у іх лік не ўваходзяць страты сярод расейскіх наймітаў, у тым ліку з «ЧВК Вагнера», пра якія ня раз паведамлялі незалежныя СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG