Па меншай меры 544 мірных жыхароў дзьвюх мяцежных правінцый на паўночным захадзе Сырыі загінулі, больш за 2000 чалавек атрымалі раненьні ў выніку наступу на апошні аплот апазыцыі, які праводзяць пачынаючы з красавіка расейскія ваенныя і войскі, якія падтрымліваюць рэжым Башара Асада.
Пра гэта ў суботу паведамілі праваабаронцы і ратавальнікі, якія працуюць у рэгіёне.
Пачынаючы з 26 красавіка расейская ваенная авіяцыя пачала аказваць падтрымку сырыйскай урадавай арміі ў наступленьні на правінцыю Ідліб і прылеглыя да яе раёны правінцыі Хама, паведамляе "Голас Амэрыкі".
Сырыйская сетка па выкананьні правоў чалавека (SNHR) — арганізацыя, якая адсочвае гібель мірных жыхароў у Сырыі і перадае інфармацыю пра гэта розным падраздзяленням ААН — заявіла ў суботу, што ў выніку сотняў нападаў, зьдзейсьненых расейскімі і сырыйскімі вайскоўцамі, загінулі 544 мірных жыхара, у тым ліку 130 дзяцей. Раненьні атрымалі 2117 чалавек, паведамілі ў SNHR.
«Расейскія вайскоўцы і іх сырыйскія хаўрусьнікі наўмысна наносяць удары па мірнаму насельніцтву, па мэдычных установах», — распавёў Reuters Фадель Абдул Гані, старшыня SNHR.
У Маскве і Дамаску адмаўляюць паведамленьні аб тым, што іх самалёты бамбуюць раёны з грамадзянскім насельніцтвам, ужываючы касэтныя боепрыпасы і запальнае ўзбраеньне.
Расея заяўляе, што яе вайскоўцы пры падтрымцы сырыйскага войска адбіваюць тэрарыстычныя атакі, што выконваюцца баявікамі «Аль-Кайды». Па дадзеных расейскіх вайскоўцаў, тэрарысты атакуюць густанаселеныя раёны, якія знаходзяцца пад кантролем Дамаска. Расея таксама абвінавачвае паўстанцаў у парушэньні дамовы аб спыненьні агню, дасягнутага ў мінулым годзе Анкарой і Масквой.
У мінулым месяцы праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch паведаміла, што расейскія і сірыйскія ваенныя ўжываюць падчас нападаў касэтныя боепрыпасы і запальную зброю, наносячы ўдары па раёнах, дзе жывуць мірныя жыхары.
Па словах мясцовых жыхароў і ратавальнікаў, вынікам двухмесячнай кампаніі Масквы і Дамаска сталі дзясяткі разбураных вёсак і гарадоў у правінцыі Ідліб. Па дадзеных ААН, як мінімум 300 000 чалавек былі вымушаныя бегчы з раёнаў бамбаваньняў да мяжы з Турцыяй.
У пятніцу ў вёсцы Мамбіль на захадзе Ідліб у выніку бамбардзіроўкі загінулі 15 чалавек, у тым ліку некалькіх дзяцей. Паводле словаў групы грамадзянскай абароны, вёску разбамбілі верталёты сырыйскай арміі.
У мінулы чацьвер быў разбураны будынак шпіталя ў Кафра-Набле. Гэта ўжо 30-я па ліку мэдычная ўстанова, зьнішчаная падчас разбуральнай расейска-сырыйскай кампаніі ў Ідлібе.