Міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка заяўляе, што для таго, каб канчаткова зацьвердзіць праект стварэньня трохбаковага воднага транспартнага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора праз Прыпяць, да абмеркаваньня далучаць эколягаў.
«Мы ўжо падключылі міжнародныя фінансавыя структуры — тэхнічны аўдыт выконваў Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Павінны быць і грамадзкія слуханьні, калі мы гаворым на пэрспэктыву шырокага разьвіцьця калідору Ўкраіна — Беларусь — Польшча, які патрабуе сур’ёзных выдаткаў. Спрэчкі, канечне, будуць. Але гэты праект — пэрспэктыва разьвіцьця транзыту і адкрыцьця новых маршрутаў з Балтыйскага ў Чорнае мора. Пытаньне — у прыярытэтах. Мы будзем пераконваць, тлумачыць, даказваць», — сказаў Аляксей Аўраменка 3 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі ў Жытоміры.
У сваю чаргу, міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій дадаў, што ўкраінскі бок з наступнага году пачне выконваць працы па паглыбленьні дна на рацэ Прыпяць на сваёй тэрыторыі:
«Паводле папярэдніх разьлікаў, на паглыбленьне дна да 2,65 мэтра патрэбна прыблізна 20–30 мільёнаў эўра. І яшчэ прыкладна столькі ж, калі мы гаворым пра большыя глыбіні».
Украінскі міністар дадаў, што адпаведнае фінансаваньне зь бюджэту будзе прадугледжана з наступнага году пасьля ўхваленьня парлямэнтам закону аб унутраных водных шляхах.
«Гэта прагрэсіўны законапраект, у якім, па аналёгіі з дарожным фондам, у бюджэце будуць абароненыя артыкулы па фінансаваньні рэчак. Бо гэта ня толькі працы дзеля паглыбленьня дна, а і падтрыманьне і забесьпячэньне шлюзаў. Вялікі працэс, які патрабуе вялікага фінансаваньня. Беларусь сапраўды лепш падрыхтаваная, але і на нашым баку цяпер будуць адбывацца працы — мы праводзім тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне, вывучаем у тым ліку і пытаньні экалёгіі, каб потым не было ніякіх заўваг, што мы нібыта не ўлічылі нейкія рызыкі і зрабілі экацыд. Наша мэта — хутка рухацца», — дадаў Уладзіслаў Крыклій.
Абодва міністры падкрэсьлілі, што праект будзе найбольш выніковым і эфэктыўным, калі ён будзе трохбаковы.
«Тады мы зможам забясьпечыць сувязь паміж Балтыйскім і Чорным морам, і тады наагул будзе кардынальна зьмененая сытуацыя ў транспартных маршрутах. Мы будзем падганяць і Польшчу, але адначасова будзем напрацоўваць транспартнае злучэньне, каб ужо можна было імпартаваць і экспартаваць абедзьвюм краінам. Бо рачныя перавозкі, па-першае, найбольш даступныя з пункту гледжаньня цаны, па-другое — гэта дакладна выратуе нашые дарогі, і найгалоўнае — гэта пытаньне экалёгіі, таму што яны найбольш экалягічныя. Таму тут дакладна выйграюць абодва бакі», — патлумачыў міністар інфраструктуры Ўкраіны.
Сустрэча міністраў транспарту Беларусі і Ўкраіны адбылася ў межах другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які адкрыўся 3 кастрычніка ў Жытоміры.
На дзьвюх цэнтральных плошчах абласнога цэнтру — Саборнай і Міхайлаўскай — два дні будуць працаваць выстаўкі вялікагабарытнай тэхнікі беларускіх і ўкраінскіх вытворцаў, а таксама вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва абедзьвюх краін.
Адначасова цягам усяго дня прадстаўнікі рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны праводзілі кансультацыі пра магчымасьці і ўмовы павелічэньня ўзаемнай прысутнасьці на нацыянальных рынках, у тым ліку машынабудаўнічай, сельскагаспадарчай і транспартнай прадукцыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, у рамках другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны плянуецца да падпісаньня больш як 200 кантрактаў.
Сёньня, 4 кастрычніка, на пленарнае пасяджэньне форуму прыехалі кіраўнікі дзяржаў — Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі.