Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» праваабарончага цэнтру «Вясна» і «Беларускага хэльсынскага камітэту» апублікавала справаздачу аб назіраньні за фармаваньнем участковых выбарчых камісіяў да парлямэнцкіх выбараў 2019 году.
2 кастрычніка ў Беларусі завяршылася фармаваньне ўчастковых выбаркамаў — гэта яны ладзяць галасаваньне, лічаць галасы і прымаюць скаргі, а таксама ўдакладняюць сьпісы выбарнікаў, інфармуюць пра час і месца галасаваньня, рыхтуюць урны і кантралююць тэрыторыю. Такіх выбаркамаў сфармавалі 5785, у іх складзе 63 646 чалавекі.
Паводле назіральнікаў, у іх і тых, хто вылучаў прадстаўнікоў у выбаркамы, была магчымасьць бесьперашкодна прысутнічаць на пасяджэньнях райвыканкамаў і гарадзкіх адміністрацый, якія ўтваралі ўчастковыя выбаркамы. Назіральнікі прысутнічалі на 41 пасяджэньні.
У трох чвэрцях выпадкаў (77,5%) на паседжаньнях не абмяркоўвалі прэтэндэнтаў, а ў палове выпадкаў (52,5%) галасаваньне ладзілася па загадзя вызначаных адмысловымі «рабочымі групамі» сьпісах кандыдатур, без абмераваньня.
Часам у галасаваньні па кандыдатуры адмаўлялі праз адсутнасьць у дакумэнтах назвы і нумару выбарчай акругі, хоць у зацьверджанай ЦВК прыкладнай форме пратаколу такіх рэквізытаў не было.
У бальшыні камісіяў чальцы працуюць у адным працоўным калектыве (напрыклад, у адной школе), а старшыня камісіі — начальнік гэтага калектыву.
З праўладных партыяў ва ўчастковыя выбаркамы прыйшлі 96,9% вылучаных кандыдатаў — 3763 з 3884. З праўладных арганізацыяў (БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчынаў, Саюз вэтэранаў, Фонд міру і Фэдэрацыя прафсаюзаў) 95,9% — 27790 з 28980. Ад апазыцыйных жа толькі 4,2% — 21 з 495.
Агулам 21 апазыцыянэр складае 0,033% ад агульнага ліку чальцоў участковых выбаркамаў. Праваабаронцы кажуць, гэта ў два-тры разы менш за мінулыя парлямэнцкія выбары.
У акруговых выбаркамах, якія кантралююць разьмеркаваньне грошай, рэгістрацыю кандыдатаў і дзейнасьць участковых камісіяў, апазыцыя склала 2,5%.
Раней кампанія «Права выбару» заяўляла, што з 401 апазыцыянэра ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прапусьцілі трох (0.0047% ад агульнай колькасьці). Паводле кампаніі, фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій прайшло «не дэмакратычна і не адкрыта», на рашэньні зьбіраюцца скардзіцца ў суд (21 скарга заплянаваная ад арганізацыяў, што вылучалі кандыдатаў, і 21 ад тых, хто ішоў у выбаркамы праз збор подпісаў).
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».