2 кастрычніка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня зьбяруцца на сваю сэсію. Раней да гэтага сказа я дадаў бы яшчэ адно слова — «чарговую», бо, калі б нічога ня здарылася, то наперадзе ў іх, акрамя гэтай, былі б яшчэ дзьве сэсіі — вясновая і восеньская 2020 году. Але цяпер я мушу пісаць пра апошнюю сэсію.
Чаму так атрымалася? У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што прэзыдэнт краіны выбіраецца на пяць гадоў, а парлямэнт — на чатыры. І вось гэты зазор у адзін год калісьці мусіў быў зьнікнуць. Калі прытрымлівацца Асноўнага закону, то выбіраць кіраўніка дзяржавы і парлямэнт неабходна ў адзін і той жа 2020 год.
Але на самым версе ўладнай вэртыкалі вырашылі інакш. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына раптам пачала настойваць: выбарчыя кампаніі абавязкова трэба разьвесьці па часе. Адну правесьці ў 2019 годзе, другую — у 2020-м. А якія выбары стануць першымі, няхай вырашае прэзыдэнт.
Аргумэнтацыя Ярмошынай наступная: нельга дапусьціць у невялікай краіне залішняй палітызацыі грамадзтва. Аргумэнт, на мой погляд, дзіўны. У любой краіне, малая яна ці вялікая, выбары заўжды вядуць да палітызацыі насельніцтва. І гэта абсалютна лягічна — дзе ж, калі не на выбарах, вызначаць дзяржаўны курс і лёс грамадзтва?!
Але ва ўладаў іншы погляд. Таму прэзыдэнт (а менавіта ён, паводле Канстытуцыі, прызначае дату парлямэнцкіх выбараў) «адрэзаў» у дэпутатаў дзесьці каля 10 месяцаў іхных паўнамоцтваў.
Наколькі гэта законна? Як заўжды ў спрэчных сытуацыях, думкі юрыстаў падзяліліся. Адны цьвердзяць, што закон парушаны, бо дэпутаты не адпрацавалі свае чатыры гады, на якія іх выбіралі. Іншыя юрысты даказваюць: парушэньняў у дзеяньнях Лукашэнкі няма: у заканадаўстве прапісана толькі пра тое, што выбары ня могуць быць пазьней за пэўны час. А паколькі пра «раней» нічога не гаворыцца, то значыць, можна і раней.
Чаму дэпутаты не пратэстуюць?
Апазыцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая лічыць, што ў яе і яе калегаў скралі амаль каляндарны год, і гэта надзвычай вялікі адрэзак часу.
«З уласнага досьведу заяўляю: каб падрыхтаваць якасны законапраект, патрэбны гады два, а то і два з паловай. Па-другое, пачатак і канец працы ў парлямэнце вельмі адрозьніваюцца сваёй насычанасьцю. Спачатку ты толькі прыглядаесься, спрабуеш зразумець мэханізм парлямэнцкай службы. Ад гэтага эфэктыўнасьць працы на старце невысокая. А на фініш ты выходзіш ужо ў зусім іншай якасьці: ведаеш, да каго найперш зьвярнуцца, якую экспэртызу падрыхтаваць і г. д. Таму надзвычай шкада, што нас так „кінулі“», — адзначае Канапацкая.
Дэпутаты, калі дазналіся пра скарачэньне тэрміну, публічна не пратэставалі. Нават старшыня міжнароднай камісіі Валер Варанецкі, чалавек дасьведчаны і мудры, на пытаньне, чаму ён не змагаецца за поўныя чатары гады паўнамоцтваў, толькі ўздыхнуў:
«А што, хіба мае выбарнікі на гэта неяк адрэагавалі? Яны, можа, пачалі пратэставаць, арганізоўваць пікеты, зьбіраць подпісы? А калі ім гэта абыякава, дык чаму я мушу пратэставаць?»
У чым розьніца паміж Вярхоўным Саветам і Палатай прадстаўнікоў?
Апазыцыйныя палітыкі, асабліва тыя, хто самі былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьняў, да сваіх калег з Палаты прадстаўнікоў ставяцца пераважна пагардліва. Маўляў, якія яны парлямэнтары? Гэта проста «кнопканаціскальнікі». Толькі штампуюць законы, якія ім падкідваюць з прэзыдэнцкай адміністрацыі і Саўміну. Адсюль і неверагодныя для Вярхоўнага Савету рэчы: усе(!) законы прымаюцца амаль аднагалосна, дэпутаты ўласных законапраектаў амаль не распрацоўваюць, фракцый няма...
Для Вярхоўнага Савету накіраваць на дапрацоўку ўрадавыя законапраекты было самай звычайнай справай. Цэлы шэраг урадавых ініцыятываў не прапусьцілі ў жыцьцё менавіта дэпутаты. Чальцы Палаты прадстаўнікоў пра такое і думаць баяцца.
Вярхоўны Савет — гэта дыскусіі, спрэчкі, сутыкненьне розных поглядаў і думак.
А чальцы Палаты баяцца адстойваць нават уласную працу. Сёлета ўвесну два дэпутацкія дуэты (першы — Леанід Брыч і Сяргей Зямчонак, другі — Аляксей Сокал і Ўладзіслаў Шчэпаў) упершыню ў Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня падрыхтавалі два рынкавыя законапраекты: «Аб інвэстыцыях» і «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці і пераўтварэньнях дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянэрныя таварыствы». Калегі іх ухвалілі. І нават Савет Рэспублікі ня быў супраць. А Лукашэнка ўзяў і наклаў вэта на рэдкую заканадаўчую ініцыятыву.
Пры паўторным абмеркаваньні Ганна Канапацкая двойчы зьвярталася да калег.
«Уся наша праца пайшла прахам. Так, прэзыдэнт, паводле дзейнага заканадаўства, мае права пярэчыць. Але ў гэтым выпадку рашэньне аднаго чыноўніка перакрэсьліла прарыўныя праекты. А мы так шмат працавалі, прыцягнулі экспэртаў з Усясьветнага банку, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, правялі круглы стол, парлямэнцкія слуханьні. Гэтыя законы як ніколі раней актуальныя», — пераконвала сваіх калегаў Канапацкая.
Нічога з гэтага не атрымалася. Аўтары рынкавых законаў далі зваротны ход, загаварылі пра «неабходнасьць і пэрспэктывы кампрамісу», пра тое, што «пярэчаньні прэзыдэнта — арыенцір для працы».
«Палатка» і «палата № 6»
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў усіх скліканьняў самі далі падставы, каб месца іх знаходжаньня грэбліва называлі «палаткай» альбо «палатай № 6». (Тых, хто ня ведае, чаму менавіта нумар 6, адсылаю да творчасьці Антона Паўлавіча Чэхава.)
Апанэнты дзейнай улады папракаюць чальцоў Палаты прадстаўнікоў у шэрагу «грахоў»:
- безумоўным выкананьні любога ўказаньня зьверху;
- пасіўнасьці ў фармаваньні палітычнага парадку дня;
- адсутнасьці парлямэнцкага кантролю за дзейнасьцю ўладаў;
- ігнараваньні грамадзкай думкі.
Калі гэтыя ды іншыя папрокі падсумаваць, то атрымліваецца, што найгалоўнейшы недахоп «палаткі» такі — асноўныя рашэньні, якія ўплываюць на жыцьцё беларусаў, прымаюцца па-за межамі так званага парлямэнту. Менавіта з гэтага выцякае і поўнае няведаньне пра сваіх дэпутатаў. Ды і навошта ведаць людзей, ад якіх нічога не залежыць.
Шостая палата ня самая горшая
Упэўнены, што цяперашні дэпутацкі корпус саступае толькі Палаце другога скліканьня, дзе дзейнічала дэпутацкая група «Рэспубліка», ядро якой складалі генэрал Фралоў, алімпійскі чэмпіён Парфяновіч, бізнэсовец Скрабец.
А ад дэпутатаў першага, трэцяга, чацьвёртага і пятага скліканьня цяперашнія дэпутаты адрозьніваюцца ў лепшы бок. За тры гады знаходжаньня ў Авальнай залі яны, як самі жартуюць, трохі рэфармаваліся.
Калі на пачатку кадэнцыі супраць нейкага закону галасавалі адзін-два чалавекі (Анісім і Канапацкая), то ў канцы супраць прапанаванага Саветам Міністраў законапраекту аб зьменах у працэдуру прызыву салдатаў тэрміновай службы прагаласавалі ажно 9 дэпутатаў.
Раней бюджэт прымаўся за зачыненымі дзьвярыма, цяпер яго абмяркоўваюць у Авальнай залі.
Сілавікі моцна працівіліся выключэньню з заканадаўства артыкулу аб ілжэпрадпрымальніцтве. Артыкул урэшце выключылі.
На пачатку кадэнцыі дэпутаты амаль нічога не выкладалі ў сацыяльныя сеткі, а цяпер ад іх часам можна дазнацца інсайдэрскую інфармацыю.
За дыскусійным сталом пачалі зьбірацца разам ўрадавыя чыноўнікі і прадстаўнікі апазыцыі, нават не дэпутаты — напрыклад, намесьнік міністра сацыяльнай абароны і працы і сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
Хто тры гады таму мог падумаць, што законапраект аб зьмяненьні выбарчага заканадаўства дойдзе да падрыхтоўкі яго на разгляд дэпутатаў?
Хіба ж гэта ня зьмены?..
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.