Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцкая міліцыя затрымала зьбіральнікаў подпісаў на выбарчым пікеце

абноўлена

Пікет Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка за мэмарыял Слуцкім паўстанцам
Пікет Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка за мэмарыял Слуцкім паўстанцам

А 13-й гадзіне 1 кастрычніка міліцыянты ў Слуцку затрымалі Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка — кіраўніка і чальца ініцыятыўнай групы па вылучэньні паліттэхноляга Аліны Нагорнай кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Супрацоўнікі міліцыі, як сказаў Свабодзе Случак, прасілі ў іх пасьведчаньні і падпісныя лісты. Актывісты паказалі дакумэнты, але абодвух усё роўна забралі ў РАУС, заявіўшы, што яны стаялі «там, дзе нельга стаяць». Случак кажа, што стаялі яны не ў забароненым для пікетаў месцы — каля Дома культуры.

Актывістаў адпусьцілі празь дзьве з паловай гадзіны і не выстаўлялі ніякіх абвінавачаньняў. Але, адзначае Случак, у Беларусі «ня часта затрымліваюць ініцыятыўныя групы».

Ён прызнае: мэтай акцыі быў ня збор подпісаў. Сама Нагорная не зьбіраецца вылучацца ў дэпутаты, а ініцыятыўныя групы рэгістраваліся, каб правесьці дасьледаваньне і зладзіць пікеты за помнік удзельнікам Слуцкага паўстаньня 1920 году (кампанія так і завецца: #ЗаПомнік).

На пікеце актывісты раздавалі паштоўкі з QR-кодам (адна такая ўжо была ў РАУС), які вядзе на галасаваньне на сайце 1920.by, дзе наведнікам прапануюць паўдзельнічаць у выбары варыянту помніка Слуцкім паўстанцам.

Актывісты таксама шукаюць месца для помніка. І гарадзкія ўлады, і рэлігійныя ўстановы адмовіліся даць тэрыторыю для такога ўшанаваньня Слуцкага збройнага чыну, таму надзея толькі на прыватныя тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG