Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каліноўскі: забраць, каб страціць


Перапахаваньне парэштак Кастуся Каліноўскага ў Беларусі выглядае як чыстай вады ўкід, на які паддаліся паважаныя падпісанты. Яўна ня іхная гэта задума.

Па-першае, ні ў кога няма візіі гэтага перапахаваньня: дзе, кім, у якім «фармаце». Хто ў Менску хоча, хто ў Сьвіслачы, хто на могілках, хто на плошчы — перакананы, што спрэчка па кожным пункце расколе шаноўную грамаду, зьвядзе тэму нацыянальнага героя № 1 да мітусьні нашчадкаў вакол ягонага імя.

Па-другое, цяперашнія афіцыйныя канцэпты гісторыі не пакідаюць для Каліноўскага месца. Скасаваньне ордэна ягонага імя ў 2004-м, запісваньне яго ў палякі... Нават самае актуальнае пасланьне героя цяпер у Беларусі немагчыма працытаваць без купюр: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой м...ля ўжо ня будзе».

Пахаваўшы Каліноўскага ў Беларусі (а без уладаў гэтага не адбудзецца), афіцыёз паспрабуе тым самым увогуле закрыць тэму нацыянальнага героя № 1. Гэта будзе паўторнае пахаваньне «на тэрыторыі расейскага гарнізону», каб не дапусьціць паломніцтва да магілы, як тое ўпершыню адбылося ў 1864 годзе. Каліноўскага ўлады панічна баяцца, як Пуцін баіцца шамана. І ініцыятыва зь перапахаваньнем у Беларусі нагадвае выкраданьне з мэтаю зьнішчыць.

Па-трэцяе. «Сакральную сьмерць», пра якую кажа Зянон Пазьняк, Каліноўскі прыняў на Лукіскай плошчы ў Вільні — і гэта знакавае месца беларускай гісторыі. Пахавалі Каліноўскага ў братняй магіле на Замкавай гары ў Вільні — яшчэ адно знакавае месца. Доўгі час літоўцы сьцьвярджалі, што ніякага пахаваньня там няма. Але паўстанцы самі выйшлі з магілы. Гара абрынулася. І сёньня гэта знакавая падзея беларускай гісторыі.

Заплянавана перапахаваньне паўстанцаў на могілках Росы — яшчэ адным знакавым месцы, дзе спачываюць героі несавецкай беларускай гісторыі. Перавоз Каліноўскага ў Беларусь дэсакралізуе і ягоны подзьвіг, і ягонае імя, і ўсе гэтыя зьвязаныя зь ім месцы.

На маю думку, ня варта ў такой надзвычай датклівай і адначасова глыбокай тэме «грымець косткамі». Лепш бы шаноўныя падпісанты выказаліся за збліжэньне Беларусі з Эўразьвязам. Бліжэй было б і Каліноўскаму, і да Каліноўскага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG