У інтэрвію Свабодзе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк раскрытыкаваў дзеяньні лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча.
Зянон Пазьняк сказаў Свабодзе, што Зьмітру Дашкевічу ня трэба было ставіць новыя крыжы ў Курапатах — так «справакавалі крыжалом» (гэтым словам назвалі знос крыжоў у Курапатах у красавіку 2019 году). Маўляў, трэба было ўзгадняць дзеяньне з КХП БНФ, і тады можна было б пазьбегнуць праблемаў.
Дашкевіч кажа, што ўзгадняў з КХП
Зьміцер Дашкевіч кажа Свабодзе, што ўстаноўка крыжоў узгаднялася з КХП.
«На вялікі жаль, Пазьняк і ягоныя адэпты хлусяць, — заяўляе Дашкевіч. — Ня ведаю, ці Пазьняк сьвядома хлусіць, ці паводле той хлусьні, што яму нахлусілі.
Калі пачаўся рэстаран, мяне Бог натхніў замяніць спарахнелыя крыжы, якія валіліся па пэрымэтры. Нашая пратэстанцкая царква там малілася — два, тры, пяць разоў на тыдзень каля гэтых крыжоў стаялі з боку „Бульбаш-холу“ і бачылі, як яны валіліся. Параіўся зь сябрамі — здавалася б, справа такая, што нікога з патрыётаў не павінна насьцярожыць і можна рабіць без узгадненьня. Але Бог мяне натхніў яшчэ раз абгаварыць яе і ўзгадніць.
Сустрэўся з Чахольскім (адказны сакратар КХП БНФ. — РС), яму расказаў пра гэтую справу. Ён жа сябра Пазьняка, ад КХП куратар народнага мэмарыялу ў Курапатах. Ён сказаў, „ОК, стаў“. Я зь ім узгадніў нават памеры крыжоў і як будуць выглядаць. Ён казаў нават, „грошы дамо“, а я казаў, нам грошы ня трэба, мы зьбяром, а вашыя хай пойдуць на іншую справу».
Праўда, пазьней, сьцьвярджае Дашкевіч, ад КХП празь іншых людзей яго прасілі больш ня ставіць крыжоў, бо самі зьбіраюцца іх мяняць: «Праз пастара майго, Севярынца таксама прыслалі». Ён сьцьвярджае, што пачакаў, пабачыў, што нічога не адбываецца, і працягнуў. Пасьля, дадае ён, ужо адмовіўся размаўляць з КХП бязь сьведак.
КХП: узгадняў, але зрабіў ня так
Адказны сакратар КХП БНФ Алесь Чахольскі кажа Свабодзе, што сустрэча з Дашкевічам сапраўды была. Дашкевічу было сказана, як рабіць, а ён «не паслухаў і зрабіў усё наадварот», «улез не ў сваю справу».
«Ня трэба было ладзіць шоў і піяр! — крытыкуе Дашкевіча Чахольскі. — Курапаты, як кажа Мая Тодараўна Кляшторная, патрабуюць цішыні. Ці бачылі вы на працягу 20 гадоў, якія мы стваралі мэмарыял і ставілі тысячы крыжоў, каб мы ладзілі піяр, паказуху і гэтак далей? Калі б мы падымалі вэрхал, выкідвалі на фэйсбукі, пачыналі ўсе такія рэчы, мэмарыялу б не было».
Мэмарыял рабілі «спакойна і без пантоў» сіламі КХП, а зьмена такога фармату, перакананы Чахольскі, і выклікала «псыхічную рэакцыю». Гэта дало адмоўны вынік: зьнішчылі ня толькі 70 драўляных крыжоў, але і 24 мэталічныя крыжы, якія з 2017 году стаялі ўздоўж МКАДу, «і ніхто іх не чапаў».
Дашкевіч ня лічыць сябе вінаватым у «крыжаломе»
Наконт таго, што магло справакаваць улады на «крыжалом», Дашкевіч не бярэцца разважаць. Маўляў, «цяжка рацыянальна ацаніць нерацыянальную сыстэму».
Але нагадвае, што, калі пачыналі ставіць крыжы ў сярэдзіне 2018 году, адразу акцыю не спынялі радыкальнымі мэтадамі і нават вярнулі першыя крыжы, якія забрала міліцыя. Што зьмянілася пасьля, ён ня ведае.
«Тое, што рабіў і робіць рэжым у Курапатах… Ці думае, што сябе так абароніць, што зьнішчыць памяць, але гэта толькі прыцягвае ўвагу да Курапатаў, — разважае Дашкевіч. — Ці гаварылі б мы пра гэта цяпер, у 2019 годзе, калі парлямэнцкая кампанія і налета прэзыдэнцкія выбары, каб ня ўлады? Тры гады гэтая тэма — адна з цэнтральных у Беларусі. Пра яе гавораць, пра яе пішуць тыя, хто раней ніколі не пісаў. Гэта таксама Божы провід. А крыжы стаяць, і яны яшчэ вышэйшыя».
Тое самае думае Дашкевіч і пра кусты, якія нядаўна пачалі высаджваць у Курапатах: «Усё, што робіць рэжым, ён робіць сабе на шкоду, але і на тое, каб праўда пра Курапаты і злачынствы камунізму яшчэ больш пашырылася».
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.