Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп дапусьціў магчымасьць арышту кангрэсмэна, які вядзе справу аб імпічмэнце


Адам Шыф
Адам Шыф

Кіраўнік Белага дому заявіў у «Твітэры» пра «здраду» кангрэсмэна, які ўзначальвае расьсьледаваньне аб імпічмэнце.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак зноў выступіў з крытыкай на адрас кангрэсмэна Адама Шыфа, які ўзначальвае расьсьледаваньне аб імпічмэнце ў дачыненьні да яго, і прапанаваў арыштаваць яго за «здраду».

Падчас тэлефоннай размовы ў ліпені з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Трамп папрасіў украінскага лідэра правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да палітычнага суперніка Трампа — Джо Байдэна — і яго сына Гантэра.

Пра гэтую размову ішла гаворка ў скарзе супрацоўніка выведкі, якая выклікала засьцярогі, што прэзыдэнт спрабаваў выкарыстаць выдзеленую для Ўкраіны ваенную дапамогу ў якасьці рычага ціску з мэтай атрыманьня палітычнай паслугі.

«Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Адам Шыф незаконна зрабіў ілжывую і жудасную заяву і падаў справу так, быццам бы яна належала мне і была самай важнай часткай маёй размовы з прэзыдэнтам Украіны, і зачытаў яе ўголас Кангрэсу і амэрыканскаму народу. Гэта ня мае ніякага дачыненьня да таго, што я сказаў у той гутарцы. Арышт за здраду?» — напісаў Трамп ў Твітэры.

Мяркуючы з усяго, Трамп меў на ўвазе словы Шыфа падчас слуханьня ў Камітэце па выведцы Палаты прадстаўнікоў, якім кіруе гэты кангрэсмэн. У сваім выступе Шыф у парадыйным ключы пераказаў словы Трампа з размовы зь Зяленскім.

Прэзыдэнт пачаў усё часьцей выступаць з крытыкай на адрас палітычных апанэнтаў з тых часоў, як у мінулы аўторак дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў абвясьцілі аб пачатку расьсьледаваньня аб імпічмэнце.

Ён параўнаў са шпіёнамі супрацоўніка выведкі, які падаў скаргу, і прадстаўнікоў Белага дому, якія далі яму інфармацыю, і выказаў здагадку, што яны ўчынілі дзяржаўную здраду.

Генэральны інспэктар упраўленьня дырэктара Нацыянальнай выведкі палічыў скаргу праўдзівай i неадкладнай, а адзін зь лідэраў амэрыканскай выведкі сказаў, што інфарматар дзейнічаў з добрых памкненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG