Старшыня Вярхоўнага суду Валер Калінковіч расказаў на паседжаньні пленуму ВС 26 верасьня, што ў Беларусі ўпершыню паспрабавалі даць тлумачэньні азначэньню справядлівасьці прысуду і прызначанага пакараньня.
У судзе апэляцыйнай інстанцыі, сказаў ён, могуць зрабіць выснову пра відавочную несправядлівасьць пакараньня, калі суд першай інстанцыі:
- відавочна няправільна ацаніў грамадзкую небясьпеку злачынства, асобу абвінавачанага і ягоную ролю ва ўчыненым;
- пакінуў па-за ўвагай або недастаткова ўлічыў наступствы, якія-небудзь са зьмякчальных або абцяжваючых абставін;
- пры выбары меры крымінальнай адказнасьці непаўналетняй асобе недастаткова ўлічыў умовы яго жыцьця і выхаваньня, ступень уплыву іншых асобаў.
Несправядлівым могуць прызнаць як занадта жорсткае, так і занадта мяккае пакараньне.
Цягам 2018 году і ў першай палове 2019-га былі абскарджаныя 20,4% прысудаў.
За 2018 год прысуды скасавалі адносна 126 чалавек — гэта менш як 1,5% ад абскарджаных прысудаў. У Вярхоўным судзе выпадкі скасаваньня прысудаў «застаюцца адзінкавымі» (1 летась, 0 сёлета).
За мінулы год у выніку апэляцый 753 чалавекі атрымалі мякчэйшыя прысуды, 417 — больш жорсткія (з пачатку бягучага году — 222 супраць 169).
Доля апраўдальных прысудаў меншая за 0,2% (за мінулы год — 80 з 40612).