Больш за 40 рок- і мэтал-гуртоў Беларусі аб’ядналіся для правядзеньня экалягічнай акцыі #металсупрацьсмецця. Узяць удзел у флэшмобе можна зь любой краіны.
Ініцыятаркай акцыі выступіла вакалістка менскага гурту Dymna Lotva Кацярына Манкевіч. Яе падтрымалі музыкі гуртоў Gods Tower, Re1ikt, Адарвірог, EVTHANAZIA, EXIST M, Rokash, Massenhinrichtung, Essence of Datum, Beyond the Darkness, Among Your Gods, Piarevaracień і іншыя.
Акцыя будзе доўжыцца 5 тыдняў, з 11 верасьня па 15 кастрычніка.
Каб паўдзельнічаць у флэшмобе, трэба:
- Прыбраць сьмецьце ў любым месцы на прыродзе.
- Апублікаваць фота да і пасьля ў адной з сацыяльных сетак (VK, Facebook, Instagram) з хаця б адным хэштэгам акцыі: #мусоритьнетру, #металсупрацьсмецця, #metalagainstpollution.
Кожнаму, хто апублікаваў пост, музыкі абяцаюць выслаць у асабістыя паведамленьні дакумэнт са спасылкамі на бясплатнае спампоўваньне музыкі ўсіх гуртоў – удзельнікаў акцыі ў найлепшай якасьці, а таксама акордамі да іх музыкі. Таксама ўсе ўдзельнікі флэш-мобу атрымліваюць шанец выйграць дыскі ці сувэніры гуртоў-удзельнікаў акцыі.