Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гедройць», які нас падзяляе. І яднае


Уручэньне літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, 2018 год
Уручэньне літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, 2018 год

Сьцісла:

  • Незадаволенасьць выбарам журы прэміі Гедройця будзе заўжды, бо людзі маюць розныя густы.
  • Каб пайсьці насустрач грамадзкай думцы, можна выбраць шлях трох «падпрэмій»: выбар «акадэмікаў»; выбар прафэсійнага журы; выбар чытачоў.
  • Напоўніцу прэмія запрацуе толькі ва ўмовах вольнага рынку і нецэнзураванага распаўсюду інфармацыі, у прыватнасьці кніг.
  • Нягледзячы на сваю недасканаласьць, прэмія Гедройця ўсё роўна патрэбна, бо робіць прамоцыю сучаснай беларускай літаратуры.

Сёлетні «Гедройць», як і нядаўнія цырымоніі ўручэньня прэміі, бурліць нелітаратурнымі жарсьцямі. Такая прырода чалавека — азартная. «Заўзеем за нашых!», «Як яму (ёй) маглі даць „золата“?», «Як ёй (яму) не далі першага месца?», «Ды там свая мафія», «Ды журы ў сучаснай літаратуры хоць штосьці разумее?», «Аўтар стаўся цэлай сэнсацыяй, ягоныя кнігі разьмятаюць, а гэтыя разумнікі яго засудзілі».

Альгерд Бахарэвіч адмовіўся ад сёлетняга ўдзелу ў прэміі, празрыста намякнуўшы на падабенства прэміі да рулеткі. Цяпер вось калега Ян Максімюк адбіваецца ад нападак за свой загаловак «Гедройць восьмы раз. Мо нарэшце дадуць жанчыне?». Як бы намякае, што сёлетняе журы ў пераважнай большасьці складаецца з жанчын. Тут жа не пра літаратуру. Жарсьці віруюць вакол літаратурнага працэсу. І гэта... Гэта зусім ня кепска. І вось чаму.

Незадаволенасьць выбарам журы хоць якой прэміі будзе заўжды — у людзей розныя густы. А таксама розныя патрабаваньні да твора, і самае галоўнае — розны ўзровень падрыхтаванасьці. Для кагосьці больш важны актуальны сюжэт, а не выкананьне. Хтосьці адкіне кнігу толькі таму, што ўбачыць недасканалыя стылістычныя прыёмы — і яму ўжо ня важна, пра што твор. Хтосьці «глядзіць» тэкст, як карціну, хтосьці «слухае», як музыку, а хтосьці бачыць сярод літар шахматную партыю.

Ці можа прэмія быць «усіхнай»? Можна сказаць: ня варта капрызьнічаць, добра што хоць такая ёсьць дзякуючы мэцэнатам. Але калі з асьцярожным аптымізмам зірнуць у будучыню? Мая прапанова такая. Прэмія ня дзеліцца на золата-срэбра-бронзу. У занадта адрозных жанрах працуюць аўтары, якіх журы даводзіцца ацэньваць. Лепш так: 1) выбар «акадэмікаў»; 2) выбар прафэсійнага журы; 3) выбар чытачоў. «Акадэмікамі» могуць быць ляўрэаты папярэдніх прэмій.

Пакуль ёсьць як ёсьць. Адныя аўтары безь ляўрэацтва знаходзяць і пашыраюць сваю чытацкую аўдыторыю. У іншых пасьля атрыманьня прэміі нічога прынцыпова не зьмяняецца. Значыць, «Гедройць» ролю ў лёсе пісьменьніка выконвае, але пакуль дапаможную, а не вырашальную. Для прыкладу, у Францыі пасьля Ганкураўскай прэміі аўтар, лічы, на ўсё жыцьцё забясьпечаны кантрактамі, і ўжо можа займацца выключна творчасьцю, а ня думаць, дзе зарабіць на паесьці.

Напоўніцу «Гедройць» запрацуе толькі ва ўмовах вольнага рынку і нецэнзураванага распаўсюду інфармацыі, у тым ліку кніг. Калі ў Беларусі будзе, прыблізна «як у Францыі», тады мноства прыватных кнігарняў будуць замаўляць кнігі ляўрэатаў, выдаўцы ў разы павялічваць наклады, а журналісты станавіцца ў чаргу па інтэрвію.

Але... Пакуль ня маем, «як у Францыі», памятаем, што кропля точыць камень. «Гедройць» нават ня кропля, а ўстойлівы ручаёк. Што важна, ужо ня першы год гэты ручаёк (першы, грашовы прыз) фундуецца беларускім бізнэсам. Інвэставаньне культурнай будучыні адбываецца на нашых вачох.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG