Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спачатку быў вельмі натхнёны, потым — вельмі расчараваны». Як атрымаць Гедройця і застацца пісьменьнікам


25 верасьня журы літаратурнай прэміі назаве імя пераможцы Гедройця. Свабода пагутарыла зь ягонымі папярэднікамі пра тое, як гэта — атрымаць Гедройця.

«Я на гэтыя грошы з аднапакаёўкі пераехаў у двухпакаёўку»

2012 год. Павал Касьцюкевіч, «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту»

Павал Касьцюкевіч на цырымоніі прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця, 3 сакавіка 2012 году
Павал Касьцюкевіч на цырымоніі прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця, 3 сакавіка 2012 году

«Гэта выйгрыш у лятарэі. У першыя хвіліны так і падумалася. Усе прыкметы гэтага ёсьць. Я на гэтыя грошы з аднапакаёўкі пераехаў у двухпакаёўку. Яшчэ кніжкі сталі разьлятацца, як кулі з кулямёта. Купілі каля 1500 асобнікаў. Для нашай сытуацыі гэта вельмі шмат.

З другога боку, пачалося дарослае жыцьцё. Раней быў пухнатым літаратурным хлопчыкам, а стаў дзядзькам, якога крытыкуюць, і крытыкуюць часам зьнішчальна. А здараецца, нават і абгаворваюць, як мне здаецца. Выйшаў я ў адкрытае мора пасьля атрыманьня той прэміі. Ты становісься дарослым літаратарам, а зь яго, па вялікім рахунку, патрабуюць па-іншаму. „Пуцёўка ў жыцьцё“.

Альгерд Бахарэвіч, Павал Касьцюкевіч і Артур Клінаў на цырымоніі прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця, 3 сакавіка 2012 году
Альгерд Бахарэвіч, Павал Касьцюкевіч і Артур Клінаў на цырымоніі прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройця, 3 сакавіка 2012 году

Трэба ўсьведамляць, што пасьля прэміі шмат што зьменіцца. Зайздрасьць, ворагі, калі можна іх так назваць, — гэта ўсё варушыць літаратурны працэс. Нават ня зайздрасьць, а зацятасьць такая хутчэй. Нехта атрымаў прэмію, яго ўсім хочацца перасягнуць нешта лепшае зрабіць. У гэтым пляне прэмія моцна стымулюе. Але літаратурнае кола ў нас не такое шырокае, таму зьяўляецца і нэгатыў. Літаратары ж даволі чульлівыя людзі. Калі зусім спрошчана сказаць, то прэмія разварушвае літаратурнае жыцьцё і разбурае самога літаратара. І выйсьця з гэтага няма. Але прэмія лепей хай будзе».

«На ганарарах не адбілася»

2014 год. Ігар Бабкоў, «Хвілінка»

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

«Я свае эмоцыі памятаю вельмі добра, гэта была радасьць. Так атрымалася, што мне ў той дзень споўнілася 50 гадоў. Так што цяпер нават складана разьдзяліць пачуцьці ад юбілею і ад перамогі. Як бы літаратары ні спрабавалі трымаць дыстанцыю ад усіх гэтых вонкавых атрыбутаў посьпеху — накладаў, публічнай увагі, — але папраўдзе існаваньне такой прэміі — гэта вельмі важна. І для самотных літаратараў, якія не зважаюць на публічнасьць, і для модных літаратараў. Гэта паказчык сталасьці грамадзтва.

Пасьля перамогі да маіх чытачоў дадаліся новыя людзі, якія натрапілі на маю кнігу дзякуючы прэміі, дзякуючы інфармацыі. Такое пашырэньне чытацкага поля адбылося.

Ігару Бабкову ўручаюць прэмію Гедройця, 2014 год
Ігару Бабкову ўручаюць прэмію Гедройця, 2014 год

Наколькі ўсё гэта прынесла прыбытак выдавецтву, гэта пытаньне да выдавецтва. На маіх ганарарах яно не адбілася.

Яшчэ частку „Хвілінкі“ пераклалі на славацкую мову, яна потым атрымала прэмію Вышаградзкай групы. Славацкія чытачы зьявіліся.

Вакол уручэньня прэміі імя Гедройця ўздымаецца хваля заўсёды. Але я б не перабольшваў узровень нэгатыву. Хутчэй я б сказаў, што арганізатары прэміі выконваюць спартанскую працу. Гэта людзі, якія ў безнадзейных умовах спрабуюць выцягнуць вельмі важныя рэчы. І ясна, што яны крыўдзяцца часам на спробы крытыкі, заўвагі, раздражненьне. А гэтыя крыўдныя рэчы людзі фармулююць часам проста ў дрэнным настроі. Рабіць гэтую прэмію вельмі складана, і яна вартая абсалютнай падтрымкі і павагі».

«Грошы ад прэміі я патраціў на помнік сваёй бабулі»

2015 год. Віктар Казько, «Час зьбіраць косьці»

Віктар Казько
Віктар Казько

«Гэта было адчуваньне прызнаньня. Што ты пішаш, што нехта цябе яшчэ чытае, нехта друкуе, і ты ў літаратуры прысутнічаеш.

Атрыманьне прэміі вельмі ўплывае на літаратара. Гэта як прышчэпкі ад хваробы. Ты спадзяесься, што яшчэ будзеш жыць. З большым імпэтам за стол сядаеш, раскладаеш перад сабой чысты аркуш паперы. Надае сіл усё гэта. У нас жа адзіная такая прэмія. Калі ў Расеі столькі розных прэмій, столькі людзей на цябе глядзяць, то ў Беларусі зусім цябе ня бачаць. І тут вялікі дзякуй тым, хто заснаваў гэтую прэмію.

Цырымонія ўручэньня літаратурнай прэміі Гедройця 2015 году. Зьлева направа: Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Андрэй Гуцаў, прадстаўніца Антона Францішака Брыля, Альгерд Бахарэві
Цырымонія ўручэньня літаратурнай прэміі Гедройця 2015 году. Зьлева направа: Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Андрэй Гуцаў, прадстаўніца Антона Францішака Брыля, Альгерд Бахарэві

Чаму столькі спрэчак вакол прэміі Гедройця? Гэта заўсёды так. Заўсёды павінны заставацца незадаволеныя. Ня ўсіх задавальняе выбар журы. Некаму Гедройць надае імпэту, некага прыніжае. Ня трэба думаць, што прэмія даецца найлепшаму. У наш час большасьць адзнак і ўзнагарод — гэта справа „тусовачнасьці“, груповак і выпадковасьці.

Грошы ад прэміі я патраціў на помнік сваёй бабулі. Яна выратавала мяне, дала жаданьне жыць. Бабуля пражыла 112 гадоў, усе яе дзеці загінулі ў вайну. Так атрымалася, што яна памерла, калі мяне тут не было. Вось на помнік я прэмію і патраціў».

«Я ўпаў у дэпрэсію і паўгода ня мог нічога ні пісаць, ні рабіць»

2016 год. Макс Шчур, «Завяршыць гештальт»

Макс Шчур
Макс Шчур

«Напачатку перамога ў мяне выклікала эмоцыі, якіх я раней ня ведаў і не перажываў. Нешта станоўчае. Нават дзіўна было, што гэта са мной адбываецца. Такое „з гразі ў князі“.

Але пасьля некалькіх дзён, магчыма, тыдня пэўнай увагі да кнігі, да факту атрыманьня прэміі, да таго, што ёсьць вось такі нейкі дзядзька, які сядзіць за мяжой і піша кніжкі па-беларуску, усё пайшло на спад. Пры гэтым не дасягнуўшы таго, што мне ўяўлялася сапраўднай мэтай гэтай прэміі. Бо яна ж не для таго, каб расставіць месцамі літаратараў — раз-два-тры. Гэта ж ня спорт, ня стаўкі.

Сэнс — прыцягнуць увагу да літаратуры, да таго, што ў нас розныя аўтары ёсьць, розныя пісьменьнікі з рознымі падыходамі да літаратуры, поглядамі. З розным жыцьцёвым досьведам. Пачаць сур’ёзную гутарку. І журы павінна выбраць тэму гэтай гутаркі. І вось гэтага абсалютна не адбылося.

Я наіўна быў спачатку вельмі натхнёны, а потым вельмі расчараваны. Для прыкладу магу вам сказаць, што на працягу году мне паступіла роўна адна прапанова аб выданьні кнігі. Практычнага выніку прэмія, можна сказаць, для мяне ня мела.

Спачатку была вялікая эўфарыя, але неўзабаве зразумеў, што гэта ўсё — такі вялікі сымулякр. Я ўпаў у дэпрэсію і паўгода ня мог нічога ні пісаць, ні рабіць. Але я спадзяюся, што сёлетняму пераможцу больш пашанцуе з увагай чытацкай і мэдыйнай.

Грошы? Гэта, відаць, быў адзін з найбольшых маіх аднаразовых заробкаў у жыцьці. І паколькі я не пляную ў будучыні рабіцца мільянэрам, то паклаў іх у банк дзіцяці на рахунак. Магчыма, яны ёй спатрэбяцца пасьля паўналецьця. Я да гэтых грошай стаўлюся як да падарунку, які зрабіў сваёй дачцэ».

«Дзякуючы розгаласу „Верабейка“ быў перакладзены на польскую мову»

2017 год. Зьміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы...»

Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Напэўна, я ня стаў знакамітым пісьменьнікам пасьля гэтай прэміі, але я крыху прыгубіў гэтага раскошнага віна са стала знакамітай літаратуры.

Таму што знаёмыя людзі, якія раней мала цікавіліся тым, што адбываецца ў беларускай літаратуры, пачынаюць віншаваць — былыя калегі па гомельскім тэатры, аднаклясьнікі. А некаторыя дзякуючы гэтай прэміі знайшлі час нешта пачытаць па-беларуску — яны зрабілі над сабой намаганьне і пачалі чытаць гэтага «Верабейку». І самае цікавае, што многія мне пасьля тэлефанавалі і казалі, што адчулі сапраўдны шок.

Цяпер я, можна сказаць, здымаю свае ранейшыя прэтэнзіі, што «нон-фікшн» — гэта не зусім літаратура. Калі кніга можа выклікаць шок — значыць, гэта сапраўдная літаратура.

Зьміцер Бартосік атрымлівае прэмію Гедройця, 2016 год
Зьміцер Бартосік атрымлівае прэмію Гедройця, 2016 год

Апафэозам гэтай маёй кароткай славы стала гісторыя, якую апавёў мне знаёмы выкладчык біялёгіі з унівэрсытэту.

Калі ён сказаў сваім калегам: «Сёньня пайду з Бартосікам гарэлку піць», тыя адказалі: «А заўтра ты да каго пойдзеш гарэлку піць? Можа, да самой Алексіевіч?» Маўляў, «ты хлусі-хлусі, але меру знай».

Хаця ўсё адно я не магу назваць сябе пісьменьнікам. Пісьменьнік — гэта нешта большае.

Які яшчэ быў плён з гэтай прэміі? Усё ж такі, дзякуючы розгаласу, «Верабейка» быў перакладзена на польскую мову.

І тыя чытачы, якія цікавяцца гісторыяй ваеннага пэрыяду Заходняй Беларусі, таксама адкрылі для сябе нешта новае.

А сама прэмія вельмі хутка разышлася. Частку раздаў сябрам, бо быў у мяне такі парыў — дапамагчы. Дапамог сям’і Алеся Юркойця, які адбывае незаслужанае пакараньне. Дапамог і аддзячыў іншым, хто мне дапамагаў. Але не хачу я пра гэта гаварыць.

Частка пайшла на вечны рамонт аўтамабіля. На рэшту ўсёй сям’ёй зьезьдзілі на адпачынак у Турэччыну.

«Непрадказальны літаратурны лёс павярнуў мой карабель у бок мацерыка прозы»

2018 год. Уладзімер Арлоў, «Танцы над горадам»

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«Для мяне гэта прэмія вельмі дарагая, мне вельмі дарагая гэта кніга — „Танцы над горадам“.

Для мяне гэта было своеасаблівым вяртаньнем прозы пасьля даволі працяглага часу, калі я займаўся гістарычнымі праектамі, калі былі напісаныя і выйшлі кнігі „Краіна Беларусь“, „Вялікае Княства Літоўскае“, „Айчына“, калі выходзілі кнігі паэзіі.

А потым я быў шчасьлівы, што непрадказальны літаратурны лёс павярнуў мой карабель у бок мацерыка прозы і нарадзілася гэтая кніга з трох аповесьцяў. І гэта было шчасьце — працаваць над імі. Безумоўна, я быў рады, што кніга атрымала такую высокую прэмію. Гэтая прэмія ня першая ў маім жыцьці, але вельмі дарагая мне. Куды патраціў грошы? Гэта асабістыя справы: патраціў — не патраціў... Гэта ўварваньне ў асабістую сфэру».

Уладзімер Арлову ўручаюць прэмію Гедройця, 2018 год
Уладзімер Арлову ўручаюць прэмію Гедройця, 2018 год

Што важна ведаць пра прэмію Гедройця

Прэмія народжанага ў Менску польскага інтэлектуала Ежы Гедройця заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Польскім Інстытутам у Менску ў 2011 годзе. Яна ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакумэнтальнай прозы.

Ляўрэаты прэміі

  • Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012);
  • Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013);
  • Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014);
  • Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015);
  • Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016);
  • Зьміцер Бартосік з кнігай​ «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017);
  • Уладзімер Арлоў з кнігай «Танцы над горадам»​ (2018).


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG