У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наш сёньняшні рэспандэнт — Павал Бераговіч.
Хто гэта?
Расейскі бізнэсовец, які ўсьвядоміў сябе беларусам. Нарадзіўся ў 1968-м. Па першай вышэйшай адукацыі — вайсковец-артылерыст, па другой — юрыст з спэцыялізацыяй па грамадзянскім праве. Адзін зь піянэраў чэкавай прыватызацыі на Ўрале. Удзельнік шматлікіх карпаратыўных канфліктаў, адзін зь якіх скончыўся рэальным турэмным тэрмінам. У вязьніцы вывучыў беларускую мову, зафундаваў некалькі беларускіх незалежных прэмій (літаратурных і музычных), цяпер з камандай адраджае маёнтак Падароск у Ваўкавыскім раёне Гарадзеншчыны як турыстычна-музэйны цэнтар.
Жанаты, мае сына.
1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?
Не магу сказаць, што быў нейкі адзіны момант, калі я адчуваў, што шчасьлівы так, як ня быў за ўсё жыцьцё. Такіх момантаў, калі мне хацелася б сказаць — спыніся, імгненьне! — было шмат. Увогуле, гэта найбольш дасканалае апісаньне адчуваньня шчасьця — калі бег часу для чалавека на пэўны момант быццам бы спыняецца. А нагоды могуць быць розныя — і вялікія, і самыя нязначныя.
Для мяне — гэта момант вяртаньня зь першага школьнага спатканьня, і момант адчуваньня, што нарэшце скончыўся вучэбны год у вайсковай вучэльні і празь некалькі гадзін я апынуся дома на вакацыях, і момант, калі мая будучая жонка адказала «так» на пытаньне, ці будзем мы разам, і момант, каля яна вынесла на руках нашага сына з палаты радзільні...
Нават у турме, як ні дзіка гэта чуць, я зрэдку адчуваў моманты шчасьця — напрыклад, калі ўдавалася з галавой занурыцца ў кнігу Ўмбэрта Эка і аказацца ня ў бруднай камэры, а ў таямнічых завулках парыскага квартала Марэ, альбо калі, выходзячы з наскрозь пракуранага аўтазака, ты раптам нечакана хапаеш глыток гойстрага вясновага паветра...
2. Які ваш найбольшы страх?
Не пасьпець зрабіць важнае для мяне ў гэтым сьвеце.
3. Які ваш самы раньні ўспамін?
Мне гады два, напэўна. Я сяджу на каленках у свайго дзеда Паўла, і мы разам зь ім п’ём чай зь ягонага вялікага кубка.
4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?
Лянота.
5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?
Хлусьня, крывадушнасьць, нахабнасьць.
6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?
Гэткае здаралася, і ня раз, але быў момант, калі мяне ахапіў гарачы жар сораму ад макаўкі да самых пятак. І гэты выпадак я помню вельмі добра.
Мой сын Антон пайшоў у першую клясу, і напачатку давялося рабіць зь ім разам хатнія заданьні, каб паглядзець, ці слушна ён усё робіць. І вось ён піша ў сшытку пропісы, гэтыя нейкія гачкі і палачкі. І было бачна, што яму гэта вельмі не падабаецца. У пэўны момант ён адклаў асадку і сказаў, што больш пісаць ня будзе. Я загадаў яму дапісаць радок да канца, як было пазначана ў сшытку. Ён заўпарціўся. Нейкі момант мы паспрачаліся, я падвысіў голас і прымушаў яго, ён яшчэ некалькі разоў адмовіўся пісаць, і гэта мяне вельмі раззлавала. І тады я пляснуў яго далоньню па каленцы. Ня тое каб моцна, усё ж я разумеў, што маю справу з 7-гадовым дзіцем. Але, напэўна, гэта для яго аказалася вельмі нечакана, бо раней я ніколі гэтага не рабіў. Ён бязгучна заплакаў, буйныя сьлёзы так і пакаціліся з вачэй. Мне стала так сорамна за свой учынак, як ніколі ў жыцьці дагэтуль не было ні за што. І я сказаў сабе, што ніколі больш ня ўдару свайго сына.
7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?
Напэўна, адной такой рэчы няма. Магу сказаць, што я вельмі люблю кнігі, таму хай гэта будзе мая бібліятэка.
8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?
Здольнасьць вывучаць замежныя мовы за адзін дзень.
9. Што робіць вас няшчасным?
Немагчымасьць распараджацца сваім часам так, як хацелася б толькі мне.
10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?
Надта хутка заўжды ем — як прывучылі ў вайсковай вучэльні, так дагэтуль і зьмятаю ўсё, не зважаючы на абставіны працэсу спажываньня ежы.
11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?
Пракрастынаваць за кнігай, футболам ці сэрыялам, калі дакладна ведаю, што павінен зрабіць важную справу.
12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?
У бацькоў, што не магу больш удзяляць ім столькі часу, як яны хацелі б.
13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?
Першы.
14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?
Веда, што марской хваробы пазбавіцца нельга.
15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?
Нарадзіцца гадоў на 10–15 пазьней.
16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?
У пірацкай камандзе, якая рыхтуецца да бою з ангельскім фрэгатам.
17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?
Гэта наперадзе.
18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?
Адкруціць на 15 гадоў таму.
19. Ваша найбольшае дасягненьне?
Магчымасьць рабіць у жыцьці тое, што лічу патрэбным я, а ня нехта іншы.
20. Што вам не дае спаць па начах?
Пякотка, калі ўвечары вып’ю зашмат віна.
21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?
Файны раман Робэртсана Дэвіса «Што ў касьцях закладзена» зь ягонай Корнскай трылёгіі. Восень, мяркую, запомніцца «Лірай Арфэя» таго ж пісьменьніка.
22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?
Калі нешта добрае ўспомняць, то й добра. А не — дык не.
Усе рэспандэнты «Анкеты-2019»
- Фэлікс Аксёнцаў
- Алена Анісім
- Павал Аракелян
- Уладзімер Арлоў
- Рыгор Астапеня
- Віктар Бабарыка
- Павал Бераговіч
- Данута Бічэль-Загнетава
- Ігар Варашкевіч
- Алена Васілевіч
- Зіна Гімпелевіч
- Вольга Глухоўская
- Янка Запруднік
- Юры Зісер
- Андрэй Ільніцкі
- Іван Кірчук
- Вераніка Круглова
- Іна Кулей
- Алена Макоўская
- Мікола Матрунчык
- Караліна Мацкевіч
- Аліна Нагорная
- Тацяна Процька
- Барыс Пятровіч
- Віталь Радзівонаў
- Ада Райчонак
- Івонка Сурвіла
- Валянціна Трыгубовіч
- Аляксандар Фядута
- Ірына Халіп