У ноч на 21 верасьня на дзевяці мэтэастанцыях абнавіліся тэмпэратурныя антырэкорды, а ў Васілевічах (Гомельская вобласьць) паўтораны антырэкорд 117-гадовай даўніны, сьведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз апэратыўнай карты тэмпэратур і архіва Белгідрамэта на рэсурсе meteoinfo.by.
Халадней за ўсё было ў раёне мэтэастанцыі «Палеская» на ўсходзе Берасьцейскай вобласьці непадалёк ад Лунінца — 3 градусы марозу (антырэкорд ночы тут −2,6 градуса ў 2007 годзе).
Мінімумы абнавіліся таксама ў
- Воршы … −2,3 (−2,1 у 1996 годзе),
- Ганцавічах … −2 (−1,7 у 2007-м),
- Брагіне … −2 (−1,3 у 1963-м),
- Пружанах … −0,3 (+0,8 у 1997-м),
- Амсьціславе … −0,2 (+3,3 у 2010-м),
- Нарачы … +0,1 (+1,4 у 1984-м),
- Стоўпцах … +0,1 (+0,5 у 1997-м),
- Вялейцы … +0,6 (+0,7 у 1969-м).
Паўтарэньне антырэкордаў ночы зафіксаванае ў Васілевічах (−0,7 градуса ў 1902 годзе) і Акцябры (−0,9 у 2007-м).
Антырэкорд ночы для ўсёй тэрыторыі краіны выстаяў (−4,1 у Клічаве ў 1996 годзе).
2, 3 і 9–12 верасьня, наадварот, фіксаваліся абсалютныя максымумы тэмпэратур.