Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белгідрамэт перайшоў на новыя кліматычныя нормы. Як мяняецца клімат у Беларусі?


«Клімат мяняецца, гэта ўжо бясспрэчна», — сказаў tut.by начальнік службы навукова-мэтадычнага забесьпячэньня Белгідрамэту Віктар Мельнік.

У 1989 годзе пачаўся безупынны рост тэмпэратуры паветра: за выняткам аднаго году, кожны наступны год быў цяплейшы за папярэдні.

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусі сярэдняя шматгадовая тэмпэратура паветра параўнальна з кліматычнай нормай вырасла на 1,3 градуса, гэта даволі значнае павелічэньне. З 1 ліпеня сёлета Белгідрамэт перайшоў на новыя кліматычныя нормы. Для нашага часу цёплыя зімы становяцца нормай. Калі раней мы казалі, што ўзімку тэмпэратура на 2-3 градусы вышэйшая за норму, то цяпер, калі зіма будзе цёплай, мы будзем казаць што яна цяплейшая за норму на 1 градус», — апавёў Віктар Мельнік

Паводле экспэрта, працэс пацяпленьня працягваецца, аднак рабіць дакладныя доўгатэрміновыя прагнозы нельга. Ён лічыць, што выкід парніковых газаў, які часта зьвязваюць з глябальным пацяпленьнем, можа быць не адзінай прычынай зьмены клімату.

Віктар Мельнік таксама паведаміў, што эканамічныя страты ад небясьпечных і неспрыяльных прыродных зьяваў у Беларусі складаюць да 90 млн даляраў штогод, паведамляе БелаПАН.

Прыкладна 40% усіх стратаў кладзецца на сельскую гаспадарку.

Паводле прадстаўніка Белгідрамэту, зьмена клімату і яго пацяпленьне прыводзіць да таго, што на поўдні краіны глеба і расьліны ўвесь час пакутуюць ад засухі.

Сярод станоўчых наступстваў — больш працяглыя пэрыяды вэгэтацыі расьлінаў і цяпла, што павышае ўраджайнасьць.

Цяпер распрацаваны праект стратэгіі нізкавугляроднага разьвіцьця Беларусі, паведаміў прадстаўнік Беларускага навукова-дасьледчага цэнтру «Экалёгія» Іван Наркевіч.

«Мяркуецца больш выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі — вецер, ваду, цяпло. Будучыня за імі», — сказаў Наркевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG