Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Лукашэнка падпіша пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам


Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне падпісаць пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам і рэадмісіі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз на брыфінгу ў Менску 20 верасьня.

Як адзначыў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства, «няпростае рашэньне» прынялі пасьля ацэнкі ўсіх рызык. Цяпер беларускі бок чакае сустрэчных крокаў ад эўрапейскіх калегаў — дакумэнт мусіць спачатку ўхваліць Эўрапарлямэнт і Эўрарада, а потым Рада Эўразьвязу павінна прыняць рашэньне кваліфікаванай большасьцю галасоў.

Плюсы для беларусаў

  • Меншы кошт візы (лічба пакуль не агучваецца, раней казалі пра 35 эўра)
  • Прыняцьце рашэньня аб выдачы візы цягам ня больш як 10 дзён
  • Візы будуць выдаваць консульскія ўстановы альбо візавыя цэнтры краін Эўразьвязу

Пагадненьне набудзе моц пасьля ратыфікацыі Менскам і Брусэлем. Але часу ня так шмат: у лютым 2020 году пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы візаў Эўразьвязам. Калі бакі не пасьпеюць падпісаць пагадненьне, беларусам за візу давядзецца плаціць не меркаваныя 35, і нават не цяперашнія 60, а 80 эўра.

Эўразьвяз перайшоў да разгляду праекту

18 верасьня Эўракамісія вынесла на разгляд органаў Рады Эўразьвязу праект пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю, які прадугледжвае зьніжэньне цэнаў на візы да 35 эўра і скарачэньне стандартнага тэрміну выдачы да 10 дзён.

Праект таксама прадугледжвае бясплатныя візы для дзяцей да 12 гадоў, для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў у адукацыйных мэтах, для дасьледчыкаў у навуковых мэтах, для прадстаўнікоў некамэрцыйных арганізацый ва ўзросьце да 25 гадоў у мэтах удзелу ў падзеях НКА.

Калі з дакумэнтам ня ўзьнікне праблемаў на гэтым этапе, яго перададуць на ўхваленьне Эўрапарлямэнту і Эўрапейскай радзе, а калі ўхваляць яны, то рашэньне аб падпісаньні з эўрапейскага боку будзе яшчэ прымаць Рада Эўразьвязу.

Урэшце абодва бакі, Эўразьвяз і Беларусь, мусяць падпісаць і ратыфікаваць дакумэнт — тады ён набудзе моц на другі месяц пасьля ратыфікацыі.

Калі гэта будзе, дакладна не плянуецца. Але ў лютым 2020 году ў Эўразьвязе пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы візаў, паводле якіх цана «шэнгену» вырасьце з 60 да 80 эўра.

«Крайняй датай» падпісаньня эўрапейскі бок называў 2 лютага 2020 году. Беларускія ўлады чакалі падпісаньня «візаў за 35» яшчэ ўвосень 2019 году, але Эўразьвяз адзначаў, што яго «хвалююць такія праблемы ў Беларусі, як правы чалавека, дэмакратычныя свабоды, сьмяротнае пакараньне».

Ці пасьпеюць падпісаць пагадненьне да лютага, калі візы падаражэюць да 80 эўра?

«Мне здаецца, што цяпер нейкіх бачных перашкодаў няма, — кажа Свабодзе палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі. — У свой час хадзілі размовы, што нібыта польскі бок выказваў пэўныя пажаданьні ці ўмовы, што яшчэ былі падводныя камяні… Але апошнім часам усе эўрапейскія чыноўнікі так даволі мажорна дэкляруюць, што справа рухаецца да фінішу і ўсё будзе нармальна».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Ён адзначае, што ў «брусэльскай бюракратыі» нешта можа замарудзіць працэс, але і беларускі, і брусэльскі бакі зацікаўленыя ў тым, каб працэс фінішаваў да «дэдлайну» ў лютым, а беларусы не плацілі па 80 эўра. Ды калі пытаньне выйшла на такі ўзровень, «непрыемных сюрпрызаў чакаць не выпадае».

Ці можа замарудзіць або спыніць падпісаньне, напрыклад, незадаволенасьць Эўропы ўжываньнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі?

«Я думаю, між заключэньнем дамовы і пытаньнем сьмяротнага пакараньня няма ніякай сувязі, — мяркуе Класкоўскі. — Былі іншыя складаныя моманты, перамовы зацягнуліся, але цяпер відавочна, што яны выйшлі на фінішную прамую, засталіся тэхнічныя моманты. Магу зазначыць, што Аляксандар Лукашэнка нейкі час таму даваў беларускаму Міністэрству замежных справаў адмысловае даручэньне, каб паскорылі гэты працэс, бо яму гэта выгадна ў перадвыбарчым пляне.

Гэта хоць невялічкі, але падарунак электарату. Пры чым болей прасунутаму электарату: мабільным, болей адукаваным людзям, якія часьцей езьдзяць за мяжу».

Ён дадае, што візы гэта той кірунак, па якім улады могуць прадэманстраваць прагрэс, а па іншых ёсьць цяжкія перашкоды: напрыклад, пагадненьне аб прыярытэтах партнэрства з Эўразьвязам «можна сказаць, замарожанае, бо заўпарцілася Літва», якая пратэстуе супраць будаўніцтва БелАЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG