Падзеі 20 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
20 верасьня 1903 году нарадзілася Натальля Арсеньнева, беларуская эміграцыйная паэтка. Сяброўка паэткі Яніна Каханоўская сьцьвярджала, што насамрэч Натальля Арсеньнева нарадзілася не ў 1903-м, а ў 1902 годзе, афіцыйная ж дата ёсьць вынікам памылкі чыноўніка міграцыйнай службы ЗША.
Верш Арсеньневай «Малітва» («Магутны Божа») успрымаецца часткай беларусаў як неафіцыйны гімн краіны.
Таксама ў гэты дзень
1939 — пры ўключэньні тэрыторыі Заходняй Беларусі ў склад БССР пачаўся бой за Горадню.
1944 — Беластоцкая вобласьць была пераўтвораная ў Гарадзенскую, Вялейская ў Маладэчанскую, утвораныя Бабруйская і Полацкая вобласьці (існавалі да 1954 г.).
1945 — адкрылася першая экспазыцыя Літаратурнага музэю Янкі Купалы.
1950 — у Нью-Ёрку пачала выходзіць газэта «Беларус».
1990 — пастановай ураду зацьверджаная праграма разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў у Беларускай ССР.
2001 — у Курапатах улады пачалі рэканструкцыю Менскай кальцавой дарогі, у адказ на якую моладзевыя актывісты заснавалі намётавы лягер у абарону народнага мэмарыялу. Вахта доўжылася 28 сутак і скончылася перамогай.
У гэты дзень нарадзіліся
1752 — Геранім Страйноўскі, асьветнік, правазнаўца, рэлігійны дзяяч.
1943 — Ніна Мацяш, беларуская паэтка, перакладчыца.
У памяці
1939 — памёр Тадэвуш Далэнга-Мастовіч, польскі і беларускі пісьменьнік.
1993 — стрэлам у сэрца ля свайго дому забіты Дзьмітры Арціменя, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму, адзін зь лідэраў парлямэнцкай большасьці ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.