Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці правільна казаць „бел-чырвона-белы“? А слову ўжо сто гадоў


Бел-чырвона-белы сьцяг на матчы БАТЭ з „Арсэналам“ 28 верасьня 2017 г. узьняў Аляксандар Вянгерскі
Бел-чырвона-белы сьцяг на матчы БАТЭ з „Арсэналам“ 28 верасьня 2017 г. узьняў Аляксандар Вянгерскі

19 верасьня 1991 году нацыянальныя сьцяг і герб былі прынятыя ў якасьці дзяржаўных. Як правільна назваць колеры сьцяга?

Сьцісла:

  • Слова бел-чырвона-белы незвычайнае, у ім кароткі прыметнік бел, але ён гучыць натуральна і нават узвышана, калі ведаць беларускі фальклёр і клясычную літаратуру: зялён гай падмяцён; бел-сьвет у Купалы.
  • Слова пайшло ў народ у кастрычніку 1919 году, калі быў апублікаваны „Ваяцкі марш“ Краўцовага Макара. Штандар наш бел-чырвона-белы, пакрый сабой народны рух! З музыкай Уладзімера Тэраўскага марш стаў гімнам Беларускае Народнае Рэспублікі.
  • „Несыстэмныя“ словы для сваіх сьцягоў ужываюць і ў іншых мовах: Union Jack.
  • А вось „бэ-чэ-бэ“ лепш не казаць. Няма сакральнасьці.

Унікальнае слова

Прыметнік бел-чырвона-белы незвычайны — ня толькі таму, што „траісты“, але і сваёй будовай. Звычайна складаныя прыметнікі колеру маюць суфікс : блакітна-жоўты, чорна-жоўта-чырвоны і пад. А тут чамусьці бел-.


Адкуль такая форма? Кароткія прыметнікі й дзеепрыметнікі (і так званыя іменныя формы, і сьцягнутыя поўныя) не ўласьцівыя сучаснай беларускай літаратурнай мове, дый гаворкам таксама. Ані як азначэньні, ані ў ролі выказьнікаў (гэта тыпова для расейскае мовы). Мы ня кажам „сяржант быў зол“, „дзядуля зусім сіў“, „праект напісан“, а толькі злы, сівы, напісаны.

Але маем вынятак. Кароткія прыметнікі ў ролі азначэньняў — яскравы атрыбут паэтычнага стылю беларускіх народных песень і выслоўяў: зялён гай падмяцён; ні бела лічка, ні чорны бровы; сінь васілёчак, сіў галубочак; зеляно віно; хіцер Зьміцер; дабёр бабёр; саладок мядок; ясен месячык і г.д.

Форма прыметніка бел- увайшла ў паэтычную мову новага часу. Напрыклад, у Купалаву:​

„Песьняры“. Рок-опэра „Гусьляр“. 1979

Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел-сьвет,
Не такую задумаў ты думу...

(Паэма „Курган“. Бел-сьвет тут — ня фірма асьвятляльных прыладаў!))

Заўважыў гэтую рысу нашае мовы і сабраў прыклады Яўхім Карскі. Ён жа знайшоў складаны прыметнік ідэнтычнай бел-чырвона-беламу будовы, толькі ня трох-, а двухкампанэнтавы: бел-кудравы — з народнай песьні, запісанай на Случчыне.

Слова з гімна — імя сьцяга

Мо таму слуцкія паўстанцы ўспрынялі прыметнік бел-чырвона-белы натуральна? Гэта ж сярод іх найперш загучаў „Ваяцкі марш“ з музыкай Уладзімера Тэраўскага на апублікаваны ў кастрычніку 1919 году верш Краўцовага Макара. Марш хутка стаў гімнам Беларускае Народнае Рэспублікі:

Хор беларускіх студэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух!

Зразумела, форма бел-чырвона-белы тут дзеля памеру радка. Але яна ня выклікала адмоўнага стаўленьня ці крытыкі. Слова дынамічнае, яно само па сабе гучыць як паэтычны радок у памеры трохстопнага харэю. Працытую Сержука Сокалава-Воюша, „Слоўнік Свабоды“:

„…Калі бел-чырвона-белы сьцяг вярнуўся ў актыўнае палітычнае жыцьцё Бацькаўшчыны, некаторыя мовазнаўцы спрабавалі абвінаваціць новых нацыяналістаў у няведаньні роднае мовы. Яны нават не падазравалі, што бел-чырвона-белы -- гэта ўжо беларускі геральдычны тэрмін…“

Так, і ён можа нават ужывацца асобна, як назоўнік: Вазьму свой бел-чырвона-белы. Унікальныя словы ці выразы менавіта для пэўнага сьцяга ўжываюць і ў іншых мовах.

Union Jack, сьцягі Шатляндыі і ЭЗ перад парлямэнтам Шатляндыі. Эдынбург, 27 чэрвеня 2016
Union Jack, сьцягі Шатляндыі і ЭЗ перад парлямэнтам Шатляндыі. Эдынбург, 27 чэрвеня 2016

Скажам, Union Jack для брытанскага, la Rojigualda ‘чырвона-залатая’ для гішпанскага дзяржаўных сьцягоў, Oriflamme (ад лац. aurea flamma ‘залатое полымя’) для баявога сьцягу сярэднявечнага Францускага каралеўства.

Слова бел-чырвона-белы за 100 гадоў стала фактам беларускае мовы дый сыстэмы нацыянальных каштоўнасьцяў, загучала ў вершах, песьнях, гістарычных працах, публіцыстычных тэкстах і ў мове звычайных людзей:​

На гэты момант Ґуґаль фіксуе ўжываньняў варыянту бел-чырвона-белы ў чатыры разы больш, чым фармальна „правільнага“ бела-чырвона-белы. Значыць, Краўцоў Макар — аўтар прынамсі аднаго слова, якое ўжо навечна ўвайшло ў беларускую літаратурную мову.

А вось размоўны скарот „бэ-чэ-бэ“ я пакуль што не гатовы ўспрыняць, на маю думку, ён гучыць не скаральна, а як запіс у канцылярскай ведамасьці. Калі мусім выказацца сьцісла, чаму не сказаць проста — „наш сьцяг“?

***

Першая вэрсія артыкула апублікаваная 1 кастрычніка 2017 г.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG