Газэта «Вечерний Могилев» запатрабавала правядзеньня лінгвістычнай экспэртызы сваіх публікацый, у якіх выяўленыя прыкметы экстрэмізму. Сродкаў, аднак, на такую паслугу ў яе няма.
Выдаткі на экспэртызу газэта просіць спагнаць зь Ленінскага аддзелу міліцыі, які зьвярнуўся ў суд, каб той прызнаў два гамафобныя матэрыялы выданьня экстрэмісцкімі. У іх ужывалася мова варожасьці супраць супольнасьці ЛГБТ.
Што было на ранейшых судовых пасяджэньнях
Заяву міліцыі супраць газэты «Вечерний Могилев» разглядае з 8 ліпеня Ленінскі суд Магілёва. Працэс, нагодай для якога сталі гамафобныя публікацыі, праходзіць упершыню ў Беларусі.
Газэта трапіла пад перасьлед праваахоўнікаў пасьля заключэньня экспэртнай камісіі Міністэрства інфармацыі. У ведамства паскардзіўся актывіст ЛГБТ з Маладэчна Валянцін Цішко. Ён даслаў у міністэрства 14 матэрыялаў, у якіх угледзеў гамафобныя выказваньні. У дзьвюх з гэтых публікацый экспэрты выявілі прыкметы экстрэмізму, і міністэрства зьвярнулася ў міліцыю, каб тая прыцягнула газэту да адказнасьці. Ёй пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1275 рублёў).
«Вечерний Могилев» намагаўся прызнаць рашэньне Рэспубліканскай экспэртнай камісіі незаконным, але эканамічны суд Менску прэтэнзіі рэдакцыі не задаволіў.
Чаму газэта патрабуе паўторнай экспэртызы
Юрысконсульт газэты Станіслаў Леўчанка на судовым пасяджэньні 18 верасьня неабходнасьць лінгвістычнай экспэртызы ў абласным упраўленьні Камітэту судовых экспэртыз патлумачыў неабходнасьцю высьветліць, ці ёсьць у інфармацыйных матэрыялах выданьня выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў.
Як вынікала зь ягоных словаў, вынікам экспэртызы Міністэрства інфармацыі газэта не давярае, бо камісія, якая яе рабіла, — грамадзкая, а Камітэт судовых экспэртыз — установа дзяржаўная.
Паводле Станіслава Леўчанкі, у заключэньні экспэртызы Міністэрства інфармацыі прысутнічае «непрафэсійная тэрміналёгія, суб’ектывізм, разважаньні» і адсутнічае «навукова-мэтадычная абгрунтаванасьць», а таксама «няма спасылак на нарматыўна-прававыя акты па тэме дасьледаваньня». Акрамя таго, шмат артаграфічных і пунктуацыйных памылак.
Ці будзе міліцыя плаціць за лінгвістычную экспэртызу?
Станіслаў Леўчанка заявіў, што плаціць за экспэртызу павінен Ленінскі аддзел міліцыі, бо яны ініцыятары справы. Сваю пазыцыю прадстаўнік выданьня патлумачыў тым, што матэрыяльнае становішча газэты «бядотнае».
Прадстаўнік райаддзелу міліцыі маёр Яўген Слаўнікаў ня стаў пярэчыць хадайніцтву адказчыка, але заявіў, што супраць таго, каб міліцыя плаціла за экспэртызу.
На працэсе абвешчаны перапынак да 23 верасьня. За гэты час бакі маюць сфармуляваць пытаньні да экспэртаў.
Сьцісла пра газэту «Вечерний Могилев»
- Недзяржаўнае інфармацыйна-рэклямнае выданьне. Выходзіць 2 разы на месяц. Рэдакцыя месьціцца ў магілёўскім Доме друку разам зь дзяржаўнымі газэтамі.
- Паводле маніторынгаў ініцыятывы «Журналісты за талерантнасьць», гэта лідэр па ўжываньні мовы варожасьці.
- Судовы працэс газэта лічыць палітычнай замовай з боку «голубого лобби во власти». Так гаворыцца ў звароце да чытачоў «Укантакце».