Якая сытуацыя ў рэгіёнах Беларусі з гамафобіяй? Як уплываюць на грамадзтва публікацыі, прасякнутыя мовай варожасьці? Свабода пагутарыла з актывістамі нядаўна ўтворанай ініцыятывы «Новыя рэгіёны», якая паставіла за мэту згуртаваць у Магілёве супольнасьць ЛГБТ+.
Нагода для нашай гутаркі — адміністрацыйная справа за заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці супраць газэты «Вечерний Могилев». Экспэртная камісія Міністэрства інфармацыі выявіла прыкметы экстрэмізму ў двух матэрыялах выданьня. 8 ліпеня Ленінскі суд Магілёва мае разгледзець справу. Газэце пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1275 рублёў).
Сьцісла пра газэту «Вечерний Могилев»
- Недзяржаўнае інфармацыйна-рэклямнае выданьне. Выходзіць 2 разы на месяц. Рэдакцыя месьціцца ў магілёўскім Доме друку разам зь дзяржаўнымі газэтамі.
- Паводле маніторынгаў ініцыятывы «Журналісты за талерантнасьць», гэта лідэр па ўжываньні мовы варожасьці.
- Адміністрацыйная справа распачатая за дзьве публікацыі, якія выйшлі ў 2017 годзе.
- Актывісты супольнасьці ЛГБТ+ накіравалі ў Міністэрства інфармацыі 14 публікацый, у якіх угледзелі гамафобныя выказваньні.
- Судовы працэс газэта лічыць палітычнай замовай з боку «голубого лобби». Так гаворыцца ў звароце да чытачоў «Укантакце».
Актывісты ЛГБТ+: газэту мусілі пакараць даўно
Паводле актывістаў магілёўскай ініцыятывы «Новыя рэгіёны», публікацыі «Вечернего Могилева» даслаў у Міністэрства інфармацыі іхны калега з Маладэчна Валянцін Цішко. Актывісты гарадзкой супольнасьці ЛГБТ+ спадзяюцца, што адміністрацыйны перасьлед выданьня за гамафобныя матэрыялы «зьнізіць градус варажнечы, якую трансьлюе газэта цягам апошніх гадоў».
На іхную думку, праваахоўныя органы меліся даўно праверыць зьмест публікацый «Вечернего Могилева» і пакараць яго за нагнятаньне нянавісьці.
«На гамафобную пазыцыю газэты рэгулярна зьвярталі ўвагу праваабарончыя арганізацыі, актывісты супольнасьці ЛГБТ+. Для дзяржавы, якая пазыцыянуе сябе як талерантная, адкрытая, інклюзіўная, доўгае ігнараваньне такой праблемы — вялікая хіба», — кажа актывіст ініцыятывы Канстанцін.
За налепкі і прагляд фільму апынуліся пад увагай міліцыі
Ініцыятыва «Новыя рэгіёны» паўстала ў красавіку. Паводле яе заснавальнікаў, гэта першая для Магілёва спроба згуртаваць людзей ЛГБТ+, «якія жывуць у атмасфэры нецярпімасьці». На думку суразмоўцаў, да стварэньня такой атмасфэры спрычынілася і газэта «Вечерний Могилев».
«Мы наважыліся прасоўваць у горадзе талерантнасьць, каб людзі бачылі, што яны не адзінокія, каб яны ўбачылі іншых людзей і, урэшце, каб яны сталі больш адкрытымі і сьмелымі», — кажа яшчэ адна актывістка ініцыятывы Аліна.
Паводле суразмоўцы, «Новымі рэгіёнамі» ўжо цікавіліся праваахоўнікі. Адбылося гэта пасьля таго, як на прыватнай пляцоўцы актывісты арганізавалі прагляд фільму «Чалавек, які ўсіх зьдзівіў» ды раздавалі налепкі ў падтрымку людзей ЛГБТ+.
На думку Аліны, міліцэйскі перасьлед выкліканы заявамі «Вечернего Могилева» пра тое, што ініцыятыва нібыта дзейнічае незаконна. Яна лічыць, што такім чынам рэдакцыя газэты спрабуе «адыграцца» на суполцы за пазоў у суд.
У Менску гамафобіі меней?
Паводле прадстаўнікоў «Новых рэгіёнаў», у Менску гамафобіі меней, чым у правінцыі. Яны кажуць, што сталічная атмасфэра больш нэўтральная. Там больш пляцовак, дзе асобы ЛГБТ+ могуць сабрацца разам і адпачыць. Акрамя таго, у Менску сканцэнтравана багата праваабарончых арганізацый, ёсьць установы, якія аказваюць юрыдычную дапамогу.
«У рэгіёнах жа толькі пачынае нешта варушыцца, ды яшчэ ў атмасфэры гамафобных настрояў у грамадзтве. Тут мы пакуль думаем, з чаго пачынаць, пра што гаварыць, а Менск значна далей прасунуўся ў пытаньні талерантнасьці», — кажа Аліна.
Яна адзначае, што адна з галоўных задачаў ініцыятывы палягае ў зьмяншэньні атмасфэры нянавісьці і дыскрымінацыі людзей ЛГБТ+ і стварэньні пляцовак бясьпекі, а таксама падтрымкі. Сярэдні ўзрост чальцоў ініцыятывы і тых, хто наведвае яе імпрэзы, — меней за 25 год.
«Старэйшае пакаленьне нецярпімае...»
На думку суразмоўцаў, перамены ў стаўленьні грамадзтва да супольнасьці ЛГБТ+ залежаць ад палітыкі дзяржавы. Актывісты спадзяюцца, што зь цягам часу рыторыка дзяржаўных службоўцаў будзе пазбаўляцца агрэсіўнасьці і станавіцца больш нэўтральнай.
Пакуль жа яны адзначаюць, што больш цярпімае стаўленьне да людзей ЛГБТ+ — у маладзейшага пакаленьня.
«Старэйшае ж пакаленьне дужа залежыць ад таго, што ім трансьлюецца адусюль, ад тлумачэньняў, што слушна, а што не. З пачутага яны фармуюць сваю пазыцыю, якая адзначаецца варожым стаўленьнем да людзей ЛГБТ+», — кажа Канстанцін.
Адпачыць ад гамафобных бацькоў і ціску за сваю асаблівасьць
У апошні дзень чэрвеня магілёўскія актывісты ініцыятывы зладзілі для людзей ЛГБТ+ «Квір-пікнік». Яго прымеркавалі да заканчэньня «Месяца гонару».
Шмат у якіх краінах цягам чэрвеня адзначаюць гадавіну Стоўнвалскага паўстаньня. 28 чэрвеня 1969 году ў нью-ёрскім раёне Грынвіч-Вілідж выбухнулі масавыя дэманстрацыі супраць паліцэйскага рэйду ў бары, дзе зьбіраліся гомасэксуалы. З тых пратэстаў пачаўся рух за правы людзей ЛГБТ+. Амэрыканскія псыхіятрычная асацыяцыя да 1973 году кваліфікавала гомасэксуальнасьць як душэўную хваробу.
«Мы вырашылі правесьці „Квір-пікнік“, каб людзі ЛГБТ+ змаглі адчуць сваю прыналежнасьць да супольнасьці. Адпачыць ад гамафобных бацькоў і ціску за сваю асаблівасьць», — падсумоўваюць Аліна і Канстанцін.