Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан напісала новую кнігу, у якой згадала Беларусь і Ціханоўскую


Гілары Клінтан, архіўнае фота
Гілары Клінтан, архіўнае фота

Вядомы палітык і грамадзкая дзяячка, жонка былога прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, дзяржсакратар ЗША і прэтэндэнтка на прэзыдэнцкую пасаду ў 2016 годзе Гілары Клінтан напісала новую кнігу.

У кнізе «Нешта страчана, нешта здабыта» (Something Lost, Something Gained), якая выйшла ў выдавецтве Simon and Shuster, ёсьць разьдзелы пра вайну ў Афганістане, змаганьне з расавай несправядлівасьцю, Пуціна і іншыя. Прысутнічае ў кнізе і тэма Беларусі.

Паглядзелі, што Гілары Клінтан напісала пра Беларусь.

Пра Сяргея і Сьвятлану Ціханоўскіх

Гілары Клінтан згадвае ў кнізе, што ў 2020 годзе з ростам падтрымкі Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі рэжым Лукашэнкі сур’ёзна ўзяўся за фальсыфікацыю выбараў.

«У выніку ён абвясьціў сябе пераможцам, які набраў 80% галасоў. Незалежныя назіральнікі кажуць, што сапраўднай пераможцай стала Сьвятлана, але яна вымушаная была зьехаць, а ейнага мужа асудзілі амаль на 20 гадоў турмы. Пратэстоўцы запоўнілі вуліцы, пазьней іх чакалі брутальны разгон і масавыя арышты».

Далей аўтарка піша, што ў 2020 годзе, калі Сяргей рыхтаваўся балятавацца ў прэзыдэнты, яго арыштавалі і трымаюць у рэжыме інкамунікада. Ня здолеўшы нават параіцца з мужам, Сьвятлана прыняла рашэньне вылучацца ў прэзыдэнты замест яго. Яна ня думала ў той час, што гэта будзе больш, чым дэманстрацыя каханьня да Сяргея.

Клінтан мяркуе, што Лукашэнка тады недаацаніў Сьвятлану, ня стаў на выбарах блякаваць яе кандыдатуру, а яна аб’ядналася зь дзьвюма іншымі жанчынамі-лідэрамі, Веранікай Цапкалай і Марыяй Калесьнікавай, каб мабілізаваць адзіны апазыцыйны рух. Усё гэта Сьвятлана рабіла, будучы адзінокай маці двух малых дзяцей.

«На ўсеагульнае зьдзіўленьне, беларусы адгукнуліся з энтузіязмам. Яны сьмела далучыліся да мітынгаў і пратэстаў, якія ў іхнай краіне рэдкія і рызыкоўныя, бо Беларусь кіруецца жалезнай рукой», — піша далей аўтарка.

Клінтан піша, што зараз Ціханоўская заклікае лідэраў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за ягоныя злачынствы і падтрымаць свабоду ў Беларусі.

«Сьвятлана адмовілася сыходзіць у нябыт. Цяпер яна езьдзіць па сьвеце, заклікаючы лідэраў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці за ягоныя злачынствы і падтрымаць свабоду ў Беларусі. Яна каардынуе дэмакратычны рух у краіне і робіць усё магчымае, каб прыцягнуць увагу да лёсу шматлікіх палітвязьняў, у тым ліку і свайго мужа».

«Яна не кантактавала зь ім і ня ведае, жывы ён ці мёртвы. Беларускі рэжым адхіляе просьбы Міжнароднага Чырвонага Крыжа наведаць яго і іншых вязьняў, арыштаваных за арганізацыю палітычных пратэстаў».

Гілары Клінтан напісала кнігу «Нешта страчана, нешта здабыта»
Гілары Клінтан напісала кнігу «Нешта страчана, нешта здабыта»

Пра Навальную і Ціханоўскую

«У Мюнхэне, калі Юлія перажывала вестку пра сьмерць Навальнага, яна тулілася яшчэ да адной жанчыны, якая нечакана трапіла ў поле зроку: беларускі Сьвятланы Ціханоўскай. Сьвятлана лічыць сабе «выпадковым палітыкам». Яна ніколі не зьбіралася балятавацца ці стаць тварам апазыцыі ў супрацьстаяньні з дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, ключавым саюзьнікам Пуціна. Грамадзкім актывістам і журналістам быў муж Сьвятланы, Сяргей Ціханоўскі, як і ў выпадку Юліі»,— піша Клінтан.

Пасьля сустрэчы зь Юліяй Навальнай у Мюнхэне Сьвятлана Ціханоўская заявіла прэсе: «Мы зразумелі адна адну бяз словаў».

У наступныя дні Юлія выступіла ў Эўрапарлямэнце і заклікала ставіцца да Пуціна як да злачынцы:

«Вы маеце справу не з палітыкам, а з крывавым бандытам», — сказала яна і патлумачыла: «Паколькі Пуцін — лідэр арганізаванай злачыннай групоўкі». Сьвет павінен думаць як пракурор: «Не дыпляматычныя ноты, а расьсьледаваньне фінансавых махінацый, не заявы аб занепакоенасьці, а пошук паплечнікаў мафіі ў вашых краінах, тых юрыстаў і фінансістаў, якія дапамагаюць Пуціну і ягоным сябрам хаваць грошы», — піша Гілары Клінтан у сваёй кнізе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG