13 гадоў калёніі і 110 тысяч рублёў кампэнсацыі для сямʼі забітай настаўніцы прысудзіў 11 верасьня Менскі абласны суд непаўналетняму Вадзіму М. за двайное забойства ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2.
Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
Чым больш на дзяржаўных тэлеканалах паказвалі ўсьмешкі, радасьць і забавы ўдзельнікаў «Менскай лыжні» (замест інфармацыі пра падзеі ў Стоўпцах і круглых сталоў псыхолягаў, міліцыі, грамадзкіх аўтарытэтаў), тым больш у горадзе зьяўлялася плётак.
Нават у стаўпецкай раёнцы «Прамень» адразу пасьля трагедыі не знайшлося месца на першай старонцы, каб узгадаць ахвяраў. Пра забойства, якое некалькі дзён абмяркоўвала ўся краіна, пісалі на пятай паласе.
А людзі тым часам здарэньне ў Стоўпцах абмяркоўвалі і шукалі адказы на пытаньні, спрабавалі зразумець прычыны. Але зьверху ім настойліва раілі акунуцца ў сьвет беларускага спакою і ідыліі, не зьвяртаць увагі на праблемы, ня плакаць, а проста маўчаць. Начальства разьбярэцца, яму відней.
Даваць камэнтары журналістам адмаўлялася ня толькі дырэкцыя школы, а нават дворнікі. Дзеці са школы № 2 не жадалі гаварыць пра тую раніцу і расказваць свае вэрсіі прычын забойства. Сьледчы камітэт адразу абвясьціў, што інфармацыя наконт трагедыі ў Стоўпцах будзе мінімальнай.
Гэтую пустку імгненна запоўнілі альтэрнатыўныя дапушчэньні.
Па горадзе іх круцілася поўна. Інфармацыя Сьледчага камітэту многім і не была патрэбная ўвогуле. Пра плёткі ня трэба было распытваць. Людзі самі пра іх загаворвалі — магчыма, чакаючы рэакцыі, пацьвярджэньня.
— А вы глядзелі эстонскі фільм «Кляса»? Пра хлопчыка, які расстраляў вучняў у школе? Таксама ж харошы быў, спакойны. Давялі. Так і тут.
Іншыя казалі пра таямнічае здарэньне ў школе, ці то ў пятніцу, ці то ў суботу. Што гэта было на ўроку фізкультуры, потым у падвале, дзе быў аб’яднаны ўрок 10 і 11 клясаў. Гаварылі і пра акунаньне Вадзіма ва ўнітаз. Быццам бы ў пятніцу нехта бачыў у вакне на трэцім паверсе аднаго з вучняў, які стаяў на падваконьні пры адчыненым акне. Дэталі, імёны, канкрэтны час даведацца было немагчыма.
У суботу ў школе і сапраўды адбываюцца розныя факультатывы, спартыўныя заняткі. Але ўсе гэтыя вэрсіі я чуў то з другіх, то з трэціх вуснаў. Ніхто ня мог назваць асобу, якая была б сьведкам гэтага здарэньня. Усе раілі проста шукаць, але і падказаць, адкуль даведаліся самі, не маглі.
Спачатку сьцьвярджалася, што паміж Раманавым і Вадзімам М. быў канфлікт. Потым высьветлілася, што Сашы Раманава ўвогуле не было ў горадзе апошнія дні перад забойствам, ён быў у Менску.
Пошукі прывялі мяне да аднаго з аднаклясьнікаў Сашы Раманава. Я хацеў зразумець, ці магла быць прычынай нападу непрыязь паміж хлопцамі.
— Адкрытых адносін або нейкага канфлікту паміж імі не было ў нас на вачах, і мы нават ня ведалі, што яны могуць быць знаёмыя. Але, мяркуючы па ягоных дзеяньнях і па тым, што ён нікога з тых, хто быў бліжэй, не крануў, то, мабыць, Саша быў абраны не выпадкова. Але, зноў жа, усё растлумачаць толькі паказаньні Вадзіма, калі яны будуць апублікаваныя Сьледчым камітэтам, — кажа хлапец.
Пасьля месяца пад наглядам лекараў Вадзіма прызналі здаровым. Падчас допытаў ён патлумачыў, што настаўніцу Марыну Пархімовіч забіў сьвядома, а вось пра Сашу ня змог адказаць. Быццам бы нават ня памятае, як гэта было.
На допыце Вадзім казаў, што ня быў знаёмы з Сашам. Тое самае кажуць аднаклясьнікі і бацькі абодвух хлопцаў.
— Я вас прашу, — цмокае жанчына, сын якой ходзіць у школу № 2. — Як гэта быць у адной школе і ня быць знаёмымі? Яны ж вучыліся на адным паверсе. Можа не сябравалі, але яны ж ведалі пра існаваньне адзін аднаго.
Чуткі пра канфлікт ніхто не пацьвердзіў і праз паўгода пасьля забойства. Але ў Стоўпцах гэта самая папулярная вэрсія.
— Яго ж выманілі ў нядзелю з дому. Кажуць, зьдзекаваліся зь яго, — сказала мне адна жанчына ў сьлязах.
Хто выманіў і пры чым тут Саша Раманаў, якога не было ў Стоўпцах у тыя дні, і які нават ня быў з Вадзімам знаёмы, ніхто казаць ня хоча. Канцоў у гэтай плёткі, як і ў кожнай, ня знойдзеш.
Аднаклясьнік Сашы казаў мне, што той ня мог удзельнічаць у нечым падобным.
— Усе падобныя чуткі пра выманьваньне не падобныя да паводзін Сашы, гэта занадта нізкія меры і спосабы вырашэньня праблемы для яго. Заўсёды і ўсе пытаньні ён вырашаў шляхам абмеркаваньня і высьвятленьня прычын, падстаў і варыянтаў выхаду з праблемы, без прамых абразаў. Ён мог «абсекчы» чалавека рэзка толькі тады, калі той пераходзіў рамкі дазволенага ў зносінах, і то заўсёды гэта рабіў тактоўна. А размовы пра «царкоў» ідуць з зайздрасьці. Я думаю, вам вядома, што ў Сашы забясьпечаная сям’я, а людзі, зыходзячы з гэтага і ня ведаючы чалавека асабіста, робяць нейкія высновы па сытуацыі. Калі б нейкі чалавек пагутарыў зь ім, ня маючы ўяўленьня пра нейкія там грошы бацькоў, дык ён бы ўбачыў адукаванага хлопца, які свабодна мог размаўляць на розных мовах і падтрымліваць большасьць тэмаў, і не зьявілася б ані найменшага адчуваньня, што гэты хлопец, як нехта казаў, «царок». У ім не было гэтай ноткі, што ён лепшы і вышэйшы за некага.
У першы ж дзень прычынай забойства часьцей на ўсё ў горадзе называлі канфлікт вакол алімпіяды па гісторыі. Маўляў, Марына Пархімовіч выбрала на спаборніцтва Сашу, а не Вадзіма, а таму апошні быў на яе вельмі злы. Але ў школе мне патлумачылі, што школьнікі з розных клясаў проста ня могуць быць канкурэнтамі. Зрэшты, алімпіяднікаў заўсёды шмат.
Потым са мною кантактаваліся людзі, якія сьцьвярджалі, што Марына Пархімовіч была супраць, каб Вадзім ехаў на алімпіяду па хіміі і менавіта гэта яго раззлавала. Якое дачыненьне настаўніца гісторыі мае да хіміі і вучня з клясы, дзе яна не была клясным кіраўніком, таксама ніхто ня можа патлумачыць. Зрэшты, апошнія два гады ў Вадзіма сапсавалася вучоба. А ў алімпіядах, як бачна з архіву на школьным сайце, ён увогуле ня ўдзельнічаў. Але найбольш зьдзіўляе нават не адсутнасьць лёгікі ў гэтых «вэрсіях». Найбольш зьдзіўляе, што для многіх у Стоўпцах адмова дапусьціць вучня да алімпіяды можа быць дастатковай прычынай для забойства.
Калі гэтая чутка адпала, у горадзе пачалі распавядаць, што Марына Пархімовіч праігнаравала просьбу Вадзіма памагчы абараніцца ад зьдзекаў з боку іншых вучняў. Нябожчыцы нават прыпісваюць словы «Ідзі і качайся».
Былы вучань Марыны Пархімовіч са школы № 2 кажа, што нават калі дапусьціць, што такая размова была, гэтая настаўніца проста не магла б адмовіць у дапамозе.
— Марына Міхайлаўна не магла б калі-небудзь на нечую просьбу адмахнуцца. Поўная лухта. Гэты выдатны настаўнік, які асабіста рыхтаваў мяне да алімпіядаў, яна абсалютна заўсёды дапамагала і падтрымлівала, перажываючы за мяне, у прыватнасьці, за Сашу і іншых вучняў, магчыма, больш, чым яны самі за сябе. Яна была блізкая абсалютна да ўсіх, дапамагала ўсім, і асабліва тады, калі ў чалавека было ўласнае жаданьне.
Але Вадзім сапраўды быў ахвярай цкаваньня. Толькі Саша Раманаў тут ні пры чым. Гэта адбылося некалькі гадоў таму. Пра адзін з такіх выпадкаў, у 8 клясе, распавёў публічна бацька. Тады аднаклясьнікі пабілі Вадзіма ў прыбіральні. Ад блізкіх да яго людзей вядома, што падобныя здарэньні былі і пасьля. Сам бацька ў інтэрвію згадваў, што ў клясе ёсьць «пара прахадзімцаў». Спачатку паведамлялася, што ў нядзелю, за дзень перад забойствам, Вадзім не выходзіў з дому. Але празь некалькі тыдняў выявілася, што гэта ня так. Віталь М. пацьвердзіў, што сын недзе ўсё ж хадзіў. І вярнуўся зь сіняком каля вока.
Але сын нібыта яго супакоіў, што гэта проста прышч, які зьмяніў колер на сіні, калі Вадзім на яго націснуў.
— Шукайце, можа нехта з бацькоў яго аднаклясьнікаў раскажа. Калі ня хочуць браць грэх на душу, калі ў іх ёсьць сумленьне, то раскажуць, — кажа мне жанчына пасьля пахаваньня настаўніцы. Яна перакананая, што Вадзіма ў школе зацкавалі і таму ён пайшоў на такі адчайны крок.
Яна ня ведае, хто мне можа дапамагчы. І я ня ведаю. Я шукаў гэтых людзей паўгода і не знайшоў.
Ганна Арэнт пра праведнікаў
Арэнт ня мела сумневу, што ва ўмовах тэрору большасьць людзей заўсёды прымуць правілы гульні. Але знойдуцца такія, хто гэтага ня зробіць.
У сваёй кнізе яна прыводзіць гісторыю, якую рэкамэндуе ў якасьці абавязковага чытаньня студэнтам курсу паліталёгіі — тым, хто хацеў бы зразумець гіганцкую патэнцыйную сілу, схаваную ў негвалтоўным супраціве ворагу, які валодае ў разы большымі сродкамі гвалту. Гэтая гісторыя паказвае, як грамадзтва можа супрацьстаяць спробе накінуць яму правілы зла, каб яны ня сталі нормай.
У акупаванай нацыстамі Эўропе быў адзін прыклад, калі дзяржава адкрыта адмовілася выконваць загады Гітлера без аніякіх наступстваў. Гэта Данія. Калі немцы зьвярнуліся да датчанаў, каб увесьці жоўтыя нашыўкі для габрэяў, тыя ім адказалі, што першым гэта зробяць кароль і ўвесь урад краіны. Немцаў папярэдзілі, што ў выпадку хоць якіх антыгабрэйскіх акцыяў чыноўнікі Даніі пададуць у адстаўку. Да вайны ў краіне не было ўплывовых нацысцкіх арганізацый, таму немцам не было на каго абаперціся сярод мясцовых.
Калі ад датчанаў запатрабавалі выдаць габрэяў, тыя зноў адмовіліся. Гэта выглядае як фільм Квэнтына Тарантына. Але калі немцы паспрабавалі самі арыштоўваць габрэяў, тыя ім проста не адчынялі. Габрэі казалі, што ў Даніі няма закону, паводле якога яны павінны пакідаць сваю краіну, і палохалі немцаў, што выклічуць дацкую паліцыю. І гэта спрацоўвала.
У іншых краінах габрэі былі вымушаныя самі плаціць нават за свой квіток у Асьвенцім. Калі габрэяў пачалі эвакуаваць з Даніі ў Швэцыю, усе выдаткі пакрылі багатыя датчане.
Што здарылася ў Даніі? Датчане проста паказалі немцам, што аніводзін чалавек ня выканае злачынны загад. І ў выніку магутная нацысцкая машына там зламалася, бо ня мела нічога, каб запярэчыць гэтай пазыцыі, і мусіла проста яе прыняць.
У кнізе «Банальнасьць зла» Арэнт жорстка ацэньвае натоўп. Бо менавіта тыя, хто паддаўся ўсеагульнай эўфарыі, статкавым пачуцьцям і хто не зьвяртае ўвагі на злачынствы і несправядлівасьць, — тыя апраўдваюць іх, становяцца іх саўдзельнікамі.
Арэнт робіць выснову, што самы эфэктыўны спосаб змаганьня са злом — гэта крытычна думаць і заўсёды ставіць пытаньні сабе і іншым.
Працяг будзе
Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org
Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы
Частка 2. Пахаваньне настаўніцы
Частка 3. Пахаваньне вучня
Частка 4. Чумная зямля
Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2
Частка 6. Дом, дзе вырас забойца
Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра
Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»
Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу
Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі
Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі
Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі
Частка 13. Месца злачынства
Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах
Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»
Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе
Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант