Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагражалі апячатаць кватэру, бо ў мужа ёсьць стрэльба». Як у Берасьці рыхтуюцца сустракаць Лукашэнку?


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Супрацоўнік міліцыі 3 верасьня пагражаў берасцейцы Галіне, што апячатае яе кватэру, дзе ў сэйфе захоўваецца зброя мужа. Міліцыянт меў заданьне тэрмінова адчыніць і апячатаць сэйф з паляўнічай зброяй, але жанчына была далёка за горадам і выканаць патрабаваньне праваахоўніка ніяк не магла.

«Тады я апячатаю вашу кватэру, і да 9 верасьня не заходзьце туды, ня маеце права», — перадае Галіна словы праваахоўніка. Потым міліцыянт дадаў, што не вітае такіх захадаў, але загады начальства не абмяркоўваюцца.

Так у горадзе рыхтуюцца да візыту Аляксандра Лукашэнкі, якога чакаюць на адзначэньне 1000-годзьдзя Берасьця.

«Усю гладкаствольную зброю апячатваюць, а наразную дык увогуле часова забіраюць», — кажа пра падзеі ў горадзе Галіна.

У той дзень жанчына мусіла зрабіць шмат званкоў у міліцыю, прычым ня толькі дзяжурнаму Маскоўскага РАУС — па месцы жыхарства, але і міліцэйскаму начальству. Галіна прасіла адтэрміноўкі, але ёй сказалі, што да 8 раніцы 4 верасьня ўсе апэрацыі са зброяй павінны быць завершаныя. Тады жанчына праз інтэрнэт зьвярнулася да мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна. Той зьмясьціў яе допіс на сваю старонку ў Фэйсбуку, гісторыя атрымала розгалас, і сытуацыя вырашылася.

«На дадзены момант я атрымала выбачэньні, а галоўнае, усё зрабілі па-людзку. Недзе каля абеду мне пазваніў іх начальнік і сам прапанаваў такі варыянт: што яны пад’едуць, калі нам зручна, толькі каб нехта быў. Я дамовіліся з сынам, ён пад’ехаў і ўпусьціў міліцыянтаў у кватэру. Нумара сэйфа ён ня ведаў, я таксама яго ня ведаю, таму адчыніць сэйф са стрэльбамі мужа не ўдалося, але яго апячаталі і на гэтым разьвіталіся. Аказваецца, усё можна зрабіць па-людзку, паставіцца з увагай, калі ёсьць жаданьне», — падсумавала гісторыю Галіна.

Атрымаць камэнтар у міліцыі Берасьцейскай вобласьці не ўдалося. Супрацоўнік прэсавай службы паабяцаў вывучыць сытуацыю, але больш на сувязь ня выйшаў.

Тым часам прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава сказала ў камэнтары Tut.by, што захады праваахоўнікаў адносна наразной і гладкаствольнай зброі тлумачацца пытаньнямі бясьпекі на час правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG