І 80-тысячнае маскоўскае войска, і надзвычайная роля гарматаў — усё гэта міты пра Аршанскую бітву, якая адбылася 8 верасьня 1514 году паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Гісторык, дасьледчык бітвы пад Воршай Алесь Казакоў распавёў Свабодзе, як вялікі князь літоўскі кароль польскі Жыгімонт І ў прапагандысцкіх мэтах у разы павялічыў колькасьць войскаў, хто насамрэч вырашыў зыход бітвы і пры якіх умовах будзе знойдзена сапраўднае месца Аршанскай бітвы.
Польскія міты
Усё, што было вядома ў Беларусі пра Аршанскую бітву, да апошняга часу прыходзіла ад польскіх гісторыкаў, кажа Алесь Казакоў. У адрозьненьне ад Польшчы, у Беларусі практычна адсутнічае гістарычная школа, якая б вывучала вайсковыя стасункі Сярэднявечча і раньняга Новага часу. А таму ўсе польскія міты трапілі і ў беларускія выданьні.
1. Маскавіты мелі 80-тысячнае войска
«Гэта абсалютна немагчымая колькасьць войска. Да напалеонаўскіх войнаў па Беларусі ніколі не хадзілі войскі такіх памераў. Я маю на ўвазе, каб такое вялікае войска было ў адным месцы. Так, напрыклад, падчас вайны 1654–1667 гг. агулам на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага дзейнічалі маскоўскія войскі ў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Але на розных кірунках.
У той пэрыяд нават у значна больш густанаселеных рэгіёнах Эўропы, дзе можна было пракарміць гэтае войска, не зьбіралася так шмат людзей у адным баі. У Паўночнай Італіі ў гэты час войскі часьцей за ўсё не перавышалі 25 тысяч чалавек. Нават у ваенных статутах ХVII стагодзьдзя пісалася, што прыблізна такая колькасьць для войска зьяўляецца аптымальнай. 80 тысяч нязручна з пункту гледжаньня лягістыкі. Галава калёны ўжо можа дайсьці да наступнай стаянкі, а хвост у гэты час яшчэ ня выйшаў зь лягеру.
Калі ўявіць, што па ўсходзе ВКЛ, дзе сетка дарог не разгалінаваная, а шчыльнасьць насельніцтва нізкая, усё ж рушыла 80-тысячнае войска, якое складалася ў асноўным з кавалерыі... А коням трэба шмат есьці. З рэестраў палонных вядома, што біцца на раку Крапіўну прыйшлі людзі з Ноўгарада і Мурама ды іншых гарадоў. Гэта далёкі шлях, у які выпраўляліся з двума коньмі. Проста памножце на два маскоўскае 80-тысячнае войска і 30-тысячнае войска ВКЛ і Польшчы. Плюс абозы — гэта яшчэ некалькі тысяч. Атрымліваецца велічэзная колькасьць коней, якім няма як пракарміцца.
Адкуль узяўся такі міт? Яшчэ ў 1513 годзе Жыгімонт І, калі пісаў пра спробы маскавітаў захапіць Смаленск, прыводзіў лічбу 80 тысяч чалавек. Ніхто ня ведае, адкуль ён узяў гэтую інфармацыю. Відаць, у 1514 годзе, каб не зьмяншаць славы перамогі, ён пакінуў памер войска ня меншым за той, што быў летась пад Смаленскам. Так і нарадзілася 80-тысячнае маскоўскае войска.
Гэты міт быў разьлічаны, як бы сёньня сказалі, на вонкавага спажывальніка. Жыгімонту Старому трэба было падвысіць свой прэстыж, паказаць усёй Эўропе, як ён бароніць хрысьціянства ад пагрозы з усходу. Гэта такая дыпляматычная гульня й прапаганда.
Таксама такім чынам Жыгімонт І імкнуўся зьнізіць аўтарытэт Масквы і разбурыць кааліцыю супраць Польшчы і ВКЛ — і гэта яму ўдалося».
2. ВКЛ і Польшча мелі 30-тысячнае войска
«30-тысячнае войска Вялікага Княства і Польшчы — таксама завышаная лічба. Яна паходзіць ад легата Папы Рымскага Якуба Піза. Яго даслалі з Рыма, каб правесьці перамовы ў Маскве і прымірыць маскавітаў зь ліцьвінамі і палякамі. Аднак ён не даехаў далей за Вільню.
У лісьце да свайго сябра Яна Карыцыя Піза паведамляе, што Жыгімонт І для паходу на ўсход сабраў вельмі вялікі абоз, які складаўся з 20 тысяч 4-конных вазоў.
Але не магло такога быць у прынцыпе. У той час у ВКЛ не існавала цэнтральнай сыстэмы забесьпячэньня войска. Паспалітае рушаньне мусіла сябе ўтрымліваць самастойна. Як і найміты.
У гэтым жа лісьце Піза піша пра 30 тысяч чалавек у войску ВКЛ і Польшчы. Ён выйшаў у Рыме ў зборніку паэтычных твораў на лаціне, а таму разышоўся па Эўропе і стаў вельмі папулярным. Сучасьнікі і пазьнейшыя храністы абапіраліся менавіта на зьвесткі Якуба Піза.
Колькі сапраўды магло быць войскаў у бітве? Зьвесткі, якія выклікаюць давер, сьведчаць пра 16-17 тысяч чалавек. Мінус пару тысяч ваяроў, якія засталіся ў Барысаве з Жыгімонтам І.
Што да маскоўскага войска, яго колькасьць больш цяжка ацаніць, бо нават ускосных зьвестак не захавалася. У кожным разе, 80 тысяч там быць не магло. Можна толькі меркаваць, што маскоўскі бок прынамсі не саступаў непрыяцелю ў колькасьці».
3. Усё вырашылі гарматы
«Аўтар гэтага міту — барон Сігізмунд Гірбэрштэйн. Гэта аўстрыйскі дыплямат, які напісаў першы зьмястоўны трактат пра Масковію. Ён двойчы праяжджаў праз ВКЛ і стварыў унікальнае апісаньне Аршанскай бітвы. Гірбэрштэйн — першы аўтар, хто піша пра засаду, якую падрыхтавалі войскі вялікага гетмана Канстанціна Астроскага. Такое апісаньне выйшла ў 1549 годзе ў лацінскім выданьні трактату.
Гірбэрштэйн піша, што бітва ішла зь пераменным посьпехам, а потым маскавітаў заманілі ў засаду, і адтуль пачалі стрэляць гарматы. У наступным, ужо нямецкамоўным, выданьні Гірбэрштэйн дадае, што ў засадзе была артылерыя і пяхота. Але ў Польшчы і ВКЛ не асабліва чыталі нямецкамоўныя выданьні. А таму зь першага лацінамоўнага выданьня замацаваліся зьвесткі пра гарматы.
„Засада“ сапраўды магла быць арганізаваная Астроскім. Бо ў маскоўскіх летапісах паведамляецца, што зь лясоў стралялі ваяры. Але не з гармат, а з ручніц.
У тыя часы гарматы сапраўды выкарыстоўваліся ў палявых бітвах. Але даволі часта яны мелі хутчэй псыхалягічны эфэкт. Вайна вялася ў бліжнім баі. А гарматы былі вельмі маруднымі і неэфэктыўнымі. На перазарадку ішло 15 хвілінаў, а трапнасьць стрэлу была досыць абмежаванай.
На вядомай карціне, прысьвечанай Аршанскай бітве, намалявана 14 гарматаў. Невядома, адкуль аўтар узяў такія зьвесткі. Нельга выключыць, што гэта сапраўдная колькасьць. Але што іх роля не была ключавой, можна сьцьвярджаць вельмі ўпэўнена».
4. Месца бітвы
«Крапівенскае поле, дзе сёньня стаіць помнік у гонар Аршанскай бітвы — гэта толькі адна з трох асноўных вэрсій, дзе мог праходзіць бой паміж войскамі ліцьвінаў і палякаў супраць маскавітаў.
Першая вэрсія замацавалася ў польскай гістарыяграфіі і потым была перанятая беларускай. Гэта месца, якое знаходзіцца на левым беразе Дняпра, у лукавіне ракі на паўночным усходзе ад Воршы. Па гэтай вэрсіі ‘войска Астроскага фактычна знаходзілася заціснутым Дняпром з трох бакоў. Лічыцца, што Астроскі адышоў ад Воршы, пераправіў войска на некалькі вёрстаў вышэй празь Дняпро. І проста каля пераправы адбылася бітва.
Другая вэрсія — на ўсход ад Воршы — абапіраецца на паведамленьне Сігізмунда Гірбэрштэйна. Ён піша, што войска пераправілася пад Воршай і адышло ад ракі на 4 мілі на ўсход. Дзесьці паміж Воршай і ракой Крапівенкай.
Трэцяя вэрсія — на ўсход ад Крапівенкі — грунтуецца на паведамленьні Усьцюскага летапісу. Летапісец піша, што Астроскі, каб падмануць непрыяцеля, пераправіўся празь Дняпро на 15 вёрстаў вышэй па рацэ. Атрымліваецца раён вусьця Крапівенкі.
Мне асабіста вельмі падабаецца трэцяя вэрсія. Нягледзячы на слабыя месцы, яна больш жыцьцяздольная, чым кананічная польская.
Тэарэтычна можна выявіць сапраўднае месца, але гэта вельмі складана. Трэба сыстэматычна, сэзон за сэзонам, дасьледаваць кожны квадратны мэтар, бо толькі масавыя знаходкі могуць даць падставу для высноваў».
5. Бітва пераламіла ход Літоўска-маскоўскай вайны 1512–1522 гг.
«Аршанская бітва не прывяла ні да якіх сур’ёзных наступстваў. Яна не пераламала ход вайны, Смаленск вярнуць не ўдалося. Мяркую, так стала таму, што паспалітае рушаньне пасьля бітвы не захацела працягваць кампанію. Дакладных лічбаў мы ня маем, але адзін маскоўскі летапіс паведамляе, што пасьля Воршы Канстанцін Астроскі прыйшоў пад Смаленск, маючы 6 тысяч чалавек. Хутчэй за ўсё, гэта былі найміты, атрад гаспадарскіх дваран, але без паспалітага рушаньня.
І хоць стратэгічнае значэньне бітвы было невялікім, на міжнароднай арэне яе неверагодна раскруцілі. Большасць дасьледчыкаў сыходзяцца ў думцы, што прапагандысцкі эфэкт Аршанскай бітвы быў грандыёзным».
Расейскія міты
Аршанская бітва ня самы папулярны гістарычны сюжэт у Расеі, а таму мітаў пра яе, адпаведна, ня так шмат. Можна казаць хіба толькі пра кнігу Аляксея Лобіна «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 году». Гэта адзіная на сёньня грунтоўная манаграфія, прысьвечаная бітве. Аднак пэўныя памылковыя высновы дасьледчыка ўжо папулярызуюцца, сьцьвярджае дасьледчык Аршанскай бітвы Алесь Казакоў.
6. Палякі складалі большасьць войска
«На думку гісторыка Лобіна, беларусам няма чаго сьвяткаваць 8 верасьня, бо войска на 2/3 складалася з палякаў. Але на самой справе мінімум палову войска складалі акурат ваяры Вялікага Княства. А хутчэй за ўсё, войска ўласна ВКЛ колькасна пераважала».
7. Страты маскавітаў былі невялікімі
«Традыцыйныя лічбы стратаў маскоўскага войска зыходзяць з памеру ў 80 тысяч чалавек. Храністы таго часу паўтаралі, што загінула палова Маскоўскага войска, то бок 40 тысяч чалавек. Плюс некалькі тысяч палонных. Але пра тое, што 80 тысяч пад Воршай не магло быць, мы ўжо казалі вышэй.
Новы міт стварае дасьледчык Аляксей Лобін. Ён спасылаецца на рэестры маскоўскіх палонных у ВКЛ і сьцьвярджае, што страты Масквы нязначныя. У рэестрах згадваецца 200 палонных.
Але ёсьць іншыя крыніцы, дзе згадваецца пра 380 палонных, якіх прывялі да караля. Дадаецца, што невядомую іх колькасьць шляхта расхапала і потым разьвезла па сваіх маёнтках, не дэкляруючы гетману.
Можна меркаваць, што ў рэестры трапіла меншая частка палонных. Бо ў асноўным у тых сьпісах можна пабачыць набілітэт — баярскіх дзяцей.
Ёсьць яшчэ адно ўскоснае сьведчаньне вялікіх стратаў Масквы. Гэта тое, што ў палон трапіла большая частка ваяводаў — маскоўскіх камандзіраў. Якім чынам войска магло ў асноўным выратавацца, а большая частка камандзіраў апынуцца ў палоне? Пытаньне рытарычнае».
Чаму Аршанскай бітвай можна ганарыцца нават бязь мітаў
«Я лічу, што нам трэба адмаўляцца ад мітаў, якія грунтуюцца на несапраўдных легендарных зьвестках. Калі мы сёньня бачым доказы, то разумным крокам было б пазбавіцца ад старых мітаў і пабудаваць новы „міт“.
Аршанская бітва ўсё роўна застаецца вялікай з гледзішча шэрагу фактараў. І ў нас дастаткова нагодаў, каб упісваць яе ў топ-10 падзеяў у вайсковай гісторыі Беларусі.
У кожным разе гэта была выдатная перамога. І ня важна, колькі было масквітаў. Напрыклад, сёньня недаацэньваюць тактычныя інавацыі Канстанціна Астроскага пад Воршай.
Гаворка найперш пра выкарыстаньне пяхоты з агнястрэльнай зброяй. Раней пяхоту выкарыстоўвалі толькі для абароны ўмацаваньняў. І толькі ў канцы XV стагодзьдзя пяхотнікаў з агнястрэльнай зброяй пачалі ангажаваць у палявых бітвах. Урэшце гэта прывяло да разьвіцьця тактычнай схемы, якая спалучала пікінэраў і стралкоў.
Хоць у нашым рэгіёне разьвіцьцё тактыкі ішло іншым шляхам, пасьпяховае выкарыстаньне вялікай колькасьці пяхоты з ручніцамі выдатна ўпісваецца ў агульнаэўрапейскі наватарскі трэнд. Яна хавалася ў лясах, адкуль страляла па ворагу. Пры гэтым доля пяхоты Астроскага ў Аршанскай бітве была большай, чым у многіх бітвах, якія лічацца ўзорам новай тактыкі.
У кожным разе бітва была вялікай для свайго часу. Нават калі ўлічваць, што яе рэальныя маштабы значна меншыя, чым гэта было прынята раней. Яна скончылася вельмі яскравым вынікам — катастрафічным паражэньнем аднаго з войскаў. У польска-літоўскай пісьмовай традыцыі толькі тры бітвы называюцца „вялікімі“. Гэта Ворскла, Грунвальд і Ворша».
Алесь Казакоў, скончыў гістфак БДУ, дасьледчык мілітарнай гісторыі позьняга Сярэднявечча і раньняга Новага часу, аўтар шэрагу навуковых артыкулаў пра бітву пад Воршай.